Фінляндыя разгледзіць пытанне абмежавання выдачы віз расейцам



Урад Фінляндыі 16 жніўня разгледзіць пытанне пра абмежаванне выдачы расейскіх віз. Але распаўсюджанне санкцый на паездкі простых расейцаў патрабуе аднагалоснага рашэння краін ЕЗ. Прынамсі, яго да гэтага часу няма.

Да гэтага часу няма аднагалоснай падтрымкі з боку краін ЕЗ абмежавання расейскага турызму шляхам пашырэння санкцый. На думку даследчыкаў, найбольш эфектыўным варыянтам было б сумеснае рашэнне ЕЗ, але асобныя краіны ўжо актыўна прымаюць уласныя рашэнні.

«На сёння ўжо 12 краін змянілі парадак выдачы віз жыхарам Расеі. Цалкам спынілі выдаваць візы Эстонія, Латвія, Літва і Чэхія. Данія, Нідэрланды, Бельгія і Японія ўвялі абмежаванні па тыпе віз, а Нарвегія і Балгарыя ўскладнілі працэдуру. Тыдзень таму Балгарыя дадаткова спыніла выдачу турыстычных віз расіянам нягледзячы на тое, што турыстычны сезон у краіне ў поўным разгары».

Прэм’ер-міністр Фінляндыі Санна Марын спадзявалася, што адпачынак расейцаў таксама будзе абмежаваны пашырэннем агульных санкцый ЕЗ. Яна чакае, што гэтае пытанне будзе ўзнятае на самітах ЕЗ, першае рэальнае пасяджэнне якіх запланавана на кастрычнік.

Сярод іншага, ідэя пашырэння санкцый ЕЗ, якая прасоўваецца Фінляндыяй і краінамі Балтыі, супадае з сезонам адпачынкаў у Цэнтральнай Еўропе, таму пакуль немагчыма прадказаць, якую падтрымку яна знойдзе.

Раней на гэтым тыдні канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заявіў, што ў яго ёсць сумневы з нагоды таго, што паездкі расейцаў будуць моцна абмежаваныя. Нямеччына падкрэсліла, што ўвесь расейскі народ не павінен быць абвінавачаны ў вайне прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

У фінскага ўрада пакуль няма канчатковай пазіцыі наконт таго, як павінны быць абмежаваны магчымасці адпачынку расейцаў. Міністэрства замежных спраў разглядала розныя варыянты, адзін з якіх — практычна ўскладніць атрыманне турыстычнай візы. 

Надзея на тое, што закрыццё мяжы ўзмоцніць незадаволенасць унутры Расеі і прымусіць людзей паўстаць супраць пуцінскага рэжыму, на думку некаторых даследчыкаў, з’яўляецца марнай: пераважная большасць расейцаў не адпачываюць за мяжой, і рашэнне іх ніяк не кранае. На самай справе закрыццё мяжы, верагодна, паслужыла б доўгатэрміновай мэце Расеі па аддзяленні ад Захаду.