Фінляндыя закрывае ўсе пункты пропуску на мяжы з Расеяй



Урад Фінляндыі прыняў рашэнне аб закрыцці ўсіх пунктаў пропуску на фінска-расейскай граніцы. Рашэнне набывае моц 30 лістапада і дзейнічае да 13 снежня 2023 года, гаворыцца ў пастанове ўрада.

Фота: пагранслужба Фінляндыі.

Прэм’ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа заявіў на прэс-канферэнцыі, што мэта закрыцця мяжы – каб Расея як мага хутчэй спыніла сваю дзейнасць па гібрыдным уплыве.

„Расея стала прычынай сітуацыі, якая склалася, і яна можа пакласці ёй канец”, – цытуе яго выданне Yle.

Кіраўнік МУС Мары Рантанен падкрэсліла, што Фінляндыя працягне прымаць заявы аб даванні прытулку ў аэрапортах і пунктах перасячэння мяжы па вадзе.

Нагадаем, 18 лістапада з-за наплыву мігрантаў Фінляндыя закрыла чатыры пункты пропуску на расейскай мяжы, 24 лістапада – яшчэ тры. Цяпер працуе толькі адзін пункт пропуску – «Райя-Ёосэпі», паведамляе reform.by.