Finnair спыняе палёты па маршруце Хельсінкі — Менск



Авіякампанія Finnair з 5 сакавіка спыняе выкананне рэгулярных рэйсаў Хельсінкі — Менск. Гэтую інфармацыю авіякампанія разаслала сваім агентам у Беларусі, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.

„Мы вымушаныя паведаміць, што кампанія Finnair прыняла рашэнне аб спыненні рэйса Хельсінкі — Мінск з 5 сакавіка 2019 года, — адзначае фінскі перавозчык. — Устойлівая прыбытковая дзейнасць кампаніі патрабуе пастаяннага перагляду нашай праграмы перавозак і своечасовага выяўлення магчымых маршрутаў, якія не паказваюць неабходных вынікаў. На жаль, прадукцыйнасць рэйса Хельсінкі — Менск не адпавядае нашым чаканням, і попыт быў недастатковым для працягу эксплуатацыі рэйса”.

Як паведамляў БелаПАН, першы рэйс фінскай авіякампаніі ў Менск адбыўся 9 чэрвеня 2018 года. Палёты выконваюцца два разы на тыдзень. Пры адкрыцці рэйса адзначалася, што расклад складзены максімальна зручна не толькі для тых пасажыраў, хто вырашыў наведаць Хельсінкі, але перш за ўсё для тых, хто падарожнічае з Finnair далей у Еўропу, Азію ці Амерыку. Акрамя Finnair у Хельсінкі з беларускай сталіцы рэгулярныя рэйсы таксама выконвае авіякампанія „Белавія”.

Кампанія Finnair з`яўляецца адзіным перавозчыкам Скандынавіі, які атрымаў 4 зоркі ў рэйтынгу лепшых авіякампаній свету Skytrax. Finnair таксама восем разоў запар была прызнаная лепшай авіякампаніяй Паўночнай Еўропы на цырымоніі World Airline Awards.

belapan.by