Фонд абароны правоў турыстаў можа з’явіцца ў Беларусі



Фонд абароны правоў турыстаў можа з’явіцца ў Беларусі да 2018 года. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

Міхаіл Партной лічыць мэтазгодным стварэнне фонду абароны правоў турыстаў. „Сёння ў сувязі з лібералізацыяй турыстычнай галіны любы чалавек можа займацца гэтым бізнесам. Былі выпадкі, калі прадпрыемствы ствараліся з выкарыстаннем крэдытаў, па якіх іх заснавальнікі не маглі разлічыцца. У выніку турысты не маглі вярнуць грошы за неаказаную паслугу. Цяпер у Расеі гэта немагчыма, у законе аб турызме прапісаны гарантыі. Раней там многія фірмы абанкруціліся, людзі не ведалі, што рабіць. У Турцыі ўведзена строгае ліцэнзаванне. Тураператару даецца часовая ліцэнзія на тры гады. Пасля гэтага даецца ліцэнзія пастаянная. У нас гэтага не хапае”, – растлумачыў ён.

На пытанне, калі чакаецца стварэнне фонду, Міхаіл Партной адказаў: „Я ўпэўнены, што да новага года гэта будзе зроблена. Ініцыятыва павінна ісці ад грамадскіх аб’яднанняў у сферы турызму. Трэба будзе вызначыцца з механізмам работы фонду, цяпер працуем над гэтым”.

Міхаіл Партной прыняў удзел у адкрыцці 24-й міжнароднай выстаўкі „Турбізнес-2017”, якая праходзіць у Мінску па 29 верасня. Тэматыка экспазіцыі – уязны і выязны, спартыўны і прыгодніцкі, рэкрэацыйны, медыцынскі, сямейны і дзіцячы, паляўнічы турызм. На выстаўцы дэманструюць спартыўнае і турыстычнае адзенне, рыштунак і абсталяванне, картаграфічную і сувенірную прадукцыю. Прадстаўлены тураператары і турагенты, транспартныя кампаніі. Праграма прадугледжвае прэзентацыі, круглыя сталы, семінары па актуальных праблемах галіны.

belta.by