Габрэйскія могілкі ў Воршы



Габрэйскія могілкі знаходзяцца ў Воршы паміж вуліцамі Энгельса і Пагранічнай.

З аднаго боку станказавод «Чырвоны барацьбіт», з другога Інструментальны завод – гіганты прамысловасці, да чаго трэба дадаць сумнае «у мінулым». Раней габрэйскія могілкі былі і ў раёне цяперашняга Гарадскога рынка, на ўзвышэнні, але цяпер іх няма. Таксама ў тым раёне існавала драўляная сінагога – у аршанскім цэнтры іх было некалькі, а цяпер няма ніводнае. Усё, што засталося ад габрэйскай спадчыны ў аршанскім цэнтры, – габрэйскі цэнтр на вуліцы Уваскрасенскай, а таксама могілкі, фотаздымкі якіх мы прыводзім тут. Яны, дарэчы, знаходзяцца на той самай вуліцы, дзе і стаяла сінагога са старымі неіснуючымі іншымі габрэйскімі могілкамі. Толькі ў іншым яе баку праз паўтара кіламетры. На гэтым участку зямлі адбываліся розныя падзеі, часам вельмі трагічныя. Тут было аршанскае гета, паколькі менавіта ў гэтай частцы Воршы пераважна пражывалі габрэі. Акрамя таго, месца знаходзіцца ў нізіне ў параўнанні з «высакагорнай» часткай, якая пачынаецца старой вуліцай Сенненскай (цяпер Кірава), што было выгадна нямецкім акупантам, так было прасцей кантраляваць тэрыторыю гета.

Габрэйскія могілкі паўставалі старымі мацэвамі з надпісамі на ідыш і іўрыце, але цяпер тут ставяць ужо пераважна новыя помнікі «агульнага стылю». На могілках пахаваныя вядомыя настаўнікі, спартоўцы, музыкі, грамадскія і рэлігійныя дзеячы Воршы і Беларусі. Пра рамяство людзей часам нагадваюць малюнкі, выбітыя на помніках. Для аматараў старога, безумоўна, найбольшую цікавасць увасабляе старая частка могілак, што знаходзіцца бліжэй да тэрыторыі Інструментальнага завода, праваруч ад уваходу з вуліцы Энгельса. Адсюль могілкі пачыналіся, тут шмат старых мацэваў, дзе-нідзе ўжо страчаныя таблічкі аб пахаваных, але можна назіраць разнастайнасць надмагілляў. Асобныя магілы зарастаюць хмызам, што, на жаль, лагічна – многія пахаваныя на могілках ужо не маюць сваякоў, якія б жылі ў Воршы. Габрэі горада маюць багатую гісторыю, у якой знайшлося нямала месца і для сямейных трагедый. Габрэйскія пагромы, ініцыяваныя расейскімі чарнасоценцамі на пачатку ХХ стагоддзя, гета часу ІІ Сусветнай, затым хвалі пераездаў-эміграцый. Шмат хто з нашчадкаў пахаваных тут аршанцаў нарадзіўся яшчэ ў Воршы, але цяпер жыве ў Канадзе, Нямеччыне, Ізраілі, ЗША, Бразіліі і іншых краінах. Цікава і тое, што на магілах апошніх двух-трох дзесяцігоддзяў прысутнічаюць ужо не толькі зоркі Давіда, але і хрысціянскія крыжы, тут ёсць і людзі, якія прынялі хрысціянства цягам жыцця. Ёсць пахаванні габрэяў і на могілках па вуліцы Пралетарскай, аднак там пераважна ляжаць дзеці, памерлыя ў першыя пасляваенныя гады і габрэі-вайскоўцы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша