Гадавы экспарт турыстычных паслуг набліжаецца да 218 млн даляраў



Міністэрства спорту і турызму чакае, што па выніках 2018 года экспарт турыстычных паслуг складзе 217—218 млн даляраў, паведаміў 15 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Мінспорту Віталь Грыцэвіч.

Паводле яго слоў, экспарт турпаслуг за 11 месяцаў мінулага года вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года на 14%. Вырасла і колькасць наведванняў турыстамі краіны праз яе заходнія межы з 4,3 млн у 2017-м да 4,7 млн у 2018 годзе. „Разам з усходнім патокам, куды адносяцца перш за ўсё расейцы, у Беларусь у 2017 годзе ўехала больш за 11 млн турыстаў, а па выніках мінулага года мы чакаем рост да 18 млн ўездаў”, — сказаў Грыцэвіч.

Акрамя таго, падчас цяперашніх навагодніх і калядных святаў паток іншаземцаў праз Нацыянальны аэрапорт Мінск у параўнанні з леташнім вырас у паўтара разу, падкрэсліў прадстаўнік міністэрства. У Гарадзенскай бязвізавай зоне за мінулы год таксама колькасць турыстаў, у асноўным за кошт Літвы, Польшчы, Германіі, павялічылася ў 2,5 разу.

Кіраўнік праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулый расказаў, што на расейскім напрамку экспарт турпаслуг вырас амаль на 10%, у тым ліку санаторных — на 9%, экскурсійных — на 7%.

Пры гэтым ён чакае спаду продажу беларускіх турпаслуг на расейскім рынку. „Па экскурсійных турах актыўнасць Грузіі, Арменіі і Азербайджана і камбінацыя іх з палётнымі праграмамі стварае нам дастаткова сур’ёзную канкурэнцыю, — сказаў Гулый. — Мы ў стане зрабіць контрпрапанову, але яна павінна быць комплекснай, а тут пакуль адзінага разумення, адзінага парыву няма”.

Віталь Грыцэвіч, адказваючы на пытанне, як будзе мяняцца турыстычная сфера Беларусі ў сувязі з павелічэннем патоку турыстаў, адзначыў, што „меры, якія прымаюцца для развіцця турызму на ўзроўні розных палітычных рашэнняў, сёння ідуць наперадзе развіцця інфраструктуры і сэрвісу”. „А трэба, каб было наадварот. У гэтым плане я выступаю за доўгатэрміновую эканоміку, за шлях, па якім ідзе той жа Кітай — хай і штучна, але стрымлівае свой ВУП да 5—7% штогод, думаючы на 10—20 гадоў наперад. Рэзкія рухі шкодныя для эканомікі, таму што потым абавязкова будзе спад. А турызм — гэта, перш за ўсё, эканоміка”, — адзначыў ён.

Прадстаўнік Мінспорту прывёў такі прыклад: „Калі ўвялі пяцідзённы бязвізавы рэжым, вакол Менска, у Менскай вобласці, адразу падраслі сэрвіс і інфраструктура, тое ж самае ў Гародні і Берасці. Цяпер увялі 30 дзён бязвіза, трэба крыху пачакаць, пакуль яшчэ падрасце сэрвіс. Напрыклад , Глыбокае — шыкоўны горад з турыстычнага пункту гледжання, але ў плане інфраструктуры ён не гатовы. Іншы прыклад гарадзенскага напрамку: у 2016 годзе запрацаваў бязвіз, а ў першай палове 2017 года ў гарадзенскім грамадскім харчаванні ўжо з’явіліся меню на польскай і літоўскай мовах”.

belapan.by