Гайцюнішкі – шэдэўр архітэктуры за кратамі



На поўначы Гарадзеншчыны блізка ад мяжы з Літвой, ад пункту памежнага пропуску ў Беняконях схаваны сапраўдны шэдэўр архітэктурнай думкі. Гэта дом-крэпасць у Гайцюнішках (правільны націск у назве на трэцім складзе). Трапіць туды ня так проста. Рэч у тым, што яшчэ з савецкага часу ў велічнай мураванай сядзібе размешчана лякарня для людзей з псіхічнымі захворваннямі. Аб’ект з’яўляецца “рэжымным”.

Гайцюнішкі – гэта вёска на рацэ з пяшчотнай назвай Войшалка пры сутоку яе з больш паўнаводнай Жыжмай. Першая пісьмовая згадка пра паселішча датуецца 1512 годам. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565 году паселішча ўвайшло ў склад Лідскага павету Віленскага ваяводства. Паводле інвентару таго часу маёнтак Гайцюнішкі належаў Рымшам і складаўся з сядзібы, якая ўключала тры жылыя дамы, стайні, гароды і гаспадарчыя пабудовы.

У пачатку сямнаццатага стагоддзя мясцовасць перайшла ў валоданне флямандскага архітэктара Пятра Нонхарта. Невядома ці каралеўскі фартыфікатар купіў яго, ці атрымаў як падарунак за нейкія заслугі, але дом у Гайцюнішках забудоўваўся менавіта Нонхартам. Ён быў праектантам цэлага шэрагу абарончых умацаванняў у ВКЛ таго часу. А дом у Гайцюнішках можна лічыць найстарэйшым жылым памяшканнем на тэрыторыі Беларусі, што захавалася да сённяшняга дня. Забудоўваўся ён у 1611-12 гадах. Крыху пазней быў пабудаваны і пратэстанцкі храм, што пераўтварыўся ў капліцу-пахавальню.

Гайцюнішкі былі асабістай рэзідэнцыяй Нонхарта, а дапамагаў яму будавацца яго зямляк інжынер ван Дадэн. Так званы “замачак” пацярпеў у Паўночную вайну, тады ў сядзібнай фартэцыі вытрымалі аблогу шведы, якіх атакавала войска караля Аўгуста Моцнага. Пазней асабліва прыкметных падзей тут не адбывалася. У час першай сусветнай вайны вёску занялі нямецкія кайзераўскія войскі, тады загінулі архіў і бібліятэка, што месціліся ў доме-фартэцыі. Але ў цэлым дом захаваўся да сёння амаль у нязменным выглядзе. Даследнікі архітэктуры зазначаюць, што стылёвыя аналагі “замачку” у Гайцюнішках можна знайсці толькі на радзіме яго стваральнікаў у Фляндрыі.

Сядзіба пасля Нонхарта перайшла наваградскаму ваяводу Юрыю Храптовічу. Ад яго – мастаку Шрэтару, які ўпрыгожыў сцены пакояў роспісам. Пазней сядзібай валодалі зноў Рымшы, а потым Путкамеры і фон дэр Остэн-Сакены. А пасля другой сусветнай вайны сюды прыйшлі “трактарысты” і заснавалі школу механізатараў. Ад знішчэння гістарычны помнік ускосным чынам уратавала абласная лякарня, якая пераехала сюды ў шасцідзесятых гадах.

Ужо ў наш час статус лякарні быў зменены на агульнакраёвы. У галоўным доме з таўшчэзнымі паўтарамятровымі сценамі зараз месціцца адміністрацыйны корпус і частка палатаў. Непадалёк стаіць яшчэ адзін корпус, абнесены калючым дротам, а па перыметры скрозь размешчаны аўтаматчыкі. Тут утрымліваюцца псіхічна хворыя, якія ў стане афекту здзейснілі вельмі цяжкія злачынствы.

Застаецца чакаць, што прыйдзе той час калі прыхаваны выдатны помнік архітэктуры “за кратамі” будзе служыць культуры і прымаць шматлікіх турыстаў.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара