Гальшанскі замак становіцца ўсё больш прывабным для турыстаў



Да беларускіх замкаў расце зацікаўленасць з боку турыстаў. Мір, Нясвіж, Крэва і Ліда – гэта найбольш папулярныя напрамкі у польскіх наведвальнікаў. Аднак зараз заўважаецца штораз большая цікавасць да Гальшанскага замка.

Калісьці ён лічыўся адным з самых прыгожых будынкаў гэтага тыпу ў ВКЛ, таму і зараз многіх прыцягвае яго гісторыя і звязаныя з ім легенды, – кажа краязнаўца Ігар Касцючэнка:

– Учора было тры аўтобусы турыстаў, машын вельмі шмат было, матацыклістаў, раварыстаў. Вось ужо з 2018 году пачалася рэканструкцыя кутняй Паўночнай вежы, і па сённяшні дзень работы вядуцца, я б сказаў, добра.

Не так даўно ў Беларусі былі адноўлены сядзіба Адама Міцкевіча ў Завоссі і Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. Можна спадзявацца, што замак у Гальшанах таксама хаця б часткова верне былую славу.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя