Ганна Кандрацюк: Стан вайны мабілізаваў украінцаў
Госця нашай студыі, журналістка, пісьменніца, рэпарцёрка Ганна Кандрацюк, толькі што вярнулася з Украіны. Пра ўражанні ад гэтай вандроўкі з ёй пагутарыў Мікола Ваўранюк.
РР: Ці ўжо складзены ў галаве цыкл рэпартажаў?
– Пакуль я перажываю свой апошні цыкл. Два гады таму я напісала пра тое, што будзе вайна, і гэта адбываецца. Так што крышку баюся зараз пісаць.
РР: Ну так, калі такія прароцтвы спраўджваюцца, лепш напэўна не пісаць. На колькі ведаю, ты не была там, дзе непасрэдна адбываецца вайна. Твой улюбёны рэгіён усё ж такі Заходняя Украіна і Карпаты.
– Думаю, што не ідзе пра прароцтвы ў такім простым плане. Проста я ў асноўным чытаю настрой, чытаю тыя знакі, якія здараюцца па дарозе, і гэта крышку можа метафізічна атрымліваецца. І думаю, што такога пераказу, такіх рэфлексій не хапае ў сучаснай публіцыстыцы. Думаю, што вяртаюся з трывогай у сэрцы, таму што там адбываецца вайна.
РР: Ты адчула гэта два гады таму, што нешта вісіць у паветры, што вайна будзе, а калі яна сапраўды пачалася, калі яна адбываецца на ўсходзе Украіны, то ці адчуаецца яна па ўсёй тэрыторыі Украіны? Што гавораць людзі ў заходніх рэгіёнах? Ці ёсць такое пачуццё, што яны жывуць у краіне, у якой ідзе вайна?
– Ва Украіну я дабіралася „аўтаспынам” праз Польшчу. Гэта 500 кіламетраў. І здзівілі мяне настроі жыхароў Польшчы. У іх таксама ўжо з’явілася вялікая небяспека, страх. А ў самой Украіне – вайна ў рэальнасці. І калі ўключым тэлебачанне, ці слухаем радыё, ці ідзем па горадзе, то бачым, што вайна перш за ўсё адбываецца ў медыяльнай прасторы. Другая прыкмета – вайна датычыць вельмі канкрэтных людзей. Мы ўяўляем, што гэта народны ўздым, што ўсе жывуць вайной, але перш за ўсё гэта датычыць маладых хлапцоў, дзяўчат, бацькоў, якія высылаюць дзяцей на фронт, – гэтыя людзі сапраўды вельмі перажываюць, вельмі высокая эмацыйнасць у размовах. І тое, што мяне палохае, што маладое пакаленне не надта мае кантакт з рэальнасцю. Вельмі часта, калі бачыш гэтых хлапцоў… яны маюць навушнікі, падключаныя да нейкіх смартфонаў, і паслаць іх на тыя танкі – нейкі жах.
РР: Ты ў адной з сацыяльных сетак падзялілася сваімі першымі ўражаннямі, і там як раз у адной невялікай мясцовасці шмат вяселляў было. Што як бы ў адказ на тую вайну, на смерць з’яўляецца таксама прага жыцця, прага даць новае жыццё.
– Сапраўды гэта вельмі відавочнае. І тут трэба пачаць ад украінскай маршруткі. Гэта такі мікрааўтобус, дзе ёсць 20 месцаў, а шафёр прыблізна бярэ яшчэ 20. І людзі надзвычай блізка фізічна знаходзяцца ў салоне. Увесь час гучыць вельмі шчымлівая музыка пра каханне, пра ідэальную любоў. І калі чалавек пакідае тую маршрутку, то перш за ўсё думае пра найважнейшыя рэчы – пра каханне, пра сваю другую асобу. І вось на вуліцы заходняй Украіны вельмі шмат такіх парачак, якія ходзяць, дэманструюць гэтую сваю чуллівасць, а таксама ёсць людзі, якія насуперак усяму, што наўкол адбываецца, бяруць шлюб. Калі мы ехалі па карпацкай трасе з Ярэмчы ў Мукачэва, то там налічылі 17 вяселляў. Многія вясельнікі апрануліся ў нацыянальныя строі, гэта таксама новая мода ва Украіне, каб такім чынам прадэманстраваць свае патрыятычныя пачуцці. Шмат гаворыцца пра хрэсьбіны, людзі рыхтуюцца да сямейных урачыстасцяў, і тое, што ідзе далей за гэтым, – амысловы зрух у будаўніцтве. Самай папулярнай рэкламай, акрамя нацыянальных лозунгаў, ва Украіне з’яўляецца рэклама цэглы, вокнаў, дзвярэй. І на кожным кроку, калі едзеш, людзі будуюцца. Прычым не будуюць простыя, традыцыйныя ўкраінскія хаты, а нейкія палацы. Зноў-такі як бы насуперак таму, што адбываецца на ўсходзе краіны.
РР: Ты сказала, што моладзь своеасабліва ўспрымае гэтую вайну, як бы з іншай рэчаіснасці. Ці сустракалася ты з непасрэднымі сведкамі вайны – можа уцекачы з’явіліся ў заходняй Украіне… Вельмі верагодна, што гэты малады хлапец у вышыванай кашулі, які бярэ шлюб, заўтра будзе прызваны ў армію і яго кінуць кудысьці пад Марыупаль, ці пад Данецк.
– Як раз у Львове мы жылі ў гатэлі, і разам з намі жыла жанчына-бежанка з Данецка. Яна ўжо месяц пабыла ў Трускаўцы, а зараз збіралася ехаць да знаёмых у Кіеў. Яе эмацыйнасць была разбурана. Яна ўсю ноч хадзіла па пакоі, не магла спаць, плакала. У яе ўяўленні Данецк быў найпрыгажэйшы горад на свеце. Усе захвальваюць Львоў, што ён такі еўрапейскі, але я думаю, што яна ніколі не засталася б у гэтым Львове. Хацела абавязкова вярнуцца ў свой любімы Данецк.
РР: Ты падарожнічаеш у такі спосаб, як “аўтаспын”, як маршруткі, каб быць бліжэй да людзей, і па такіх дарогах, пра якія Анджэй Стасюк напісаў “жоўтыя дарогі”, незаўсёды там ёсць асфальтавае пакрыццё. Ці ў такіх кантактах з украінцамі адчула змену настрояў? Ці надалей засталася характэрная для такіх мясцовасцяў, напрыклад, гасціннасць людзей? Ці з’явілася нейкая нервовасць, выкліканая вайной?
– Як раз наадварот – людзі яшчэ больш ветлівыя, увесь час сустракалася з тым, што яны вельмі ўдзячныя, што мы не пакідаем іх, што прыязджаем. Што цікава? Я карыстаюся сваім дыялектам з роднай вёскі, і там звычайна пытаюць, ці я з Беларусі, не з Польшчы. Гэта прыемна. Калі размаўляю, то адчуваю, што гэты кантакт патрэбны не толькі мне, але і ўкраінцам. Яны не згубілі веру ў будучыню. Яны вельмі стараюцца, каб зараз перажыць зіму, вельмі працавітыя. Адна жанчына-пенсіянерка, у якой мы начавалі, завяла нас у камору, у якой стаялі слоікі з гароднінай, садавінай, салам, таксама пяць бутляў усякага віна. Там чалавек можа, не выходзячы з хаты, перажыць і два гады. Яны цяпер робяць прыпасы на зіму. Я б сказала, што стан вайны мабілізаваў украінцаў да канструктыўнай працы.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя