Гара Маяк – аглядная кропка Браслаўшчыны



Гара Маяк на Браслаўшчыне – адна з найвышэйшых і зручных аглядальных кропак на Паазер’і. З гэтага пункту добра відаць далягляды на азёры Снуды і Струста, а таксама востраў Чайчын і паўвостраў Перавалока.

Утварылася гэтае марэннае ўзвышша ў глыбокай старажытнасці – ажно 18 тысяч гадоў таму ў выніку раставання Паазерскага ледавіка.

Трэба сказаць, што Маяк – гэта назва савецкага часу (тут некалі быў адпаведны геадэзічны маяк), якая, на жаль, ужо укаранілася ва ўсіх даведніках і мапах. Раней гара называлася Бізня, гэты тапонім цяпер амаль ніхто не ведае.

Вакол Маяку распрацаваныя экалагічныя сцежкі, на гару вядуць адмысловыя сходы, а на самым узвышшы зроблена муравана-драўляная альтанка для агляду наваколляў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара