Гарадзенскі аэрапорт вядзе перамовы з еўрапейскімі лаўкостамі
Кампанія „Белаэранавігацыя”, якой належыць гарадзенскі аэрапорт, вядзе перамовы з лаўкостамі. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на намесніка міністра транспарту і камунікацый Аляксея Ляхновіча.
„Гэты аэрапорт мы разглядаем як набліжаны да Вільні, каб трохі „перабіць” пасажырапаток, які ад нас з’язджае туды”, — патлумачыў чыноўнік матывы такіх перамоваў.
Па яго словах, ідуць перамовы з AirBaltic. Таксама аэрапорт спрабуе дамовіцца з іншымі авіякампаніямі: напрыклад, ужо падпісаныя пратаколы аб намерах з польскімі кампаніямі.
Калі гарадзенскі аэрапорт плануюць зрабіць пляцоўкай для лаўкостаў, дык берасцейскі, згодна з планамі, можа спецыялізавацца на палётах у Польшчу і Расею. Падарожнікі ў Польшчу маглі б не стаяць у чэргах на мяжы, а падарожнікі ў Расею маглі б вылецець у Маскву ці Санкт-Пецярбург без заезду ў Менск.
Паводле інфармацыі Мінтранса, летась абласныя аэрапорты абслужылі каля 75 тысяч пасажыраў, сёлета ў іх планах абазначаная лічба ў 100 тысяч.