Гарадзенскі заапарк



Гарадзенскі заапарк перажывае другую маладосць. Пасля працяглай рэканструкцыі варта нанова паглядзець на гэты куток Гародні крытычна.

Нягледзячы на стасоўна малую плошчу, удалося рацыянальна арганізаваць вальеры для прадстаўнікоў фаўны. Практычна кожны вальер з дызайнерскага гледзішча прыстасаваны да асяроддзя пражывання. Трэба ў гэтым падзякаваць дырэкцыі заапарка.

Нестае дрэваў, якімі быў багаты стары заапарк да рэканструкцыі. Але ёсць спадзяванні, што дрэвы вырастуць. На некаторых вольных лапіках зямлі ўжо красуе маладняк дрэваў: рабінаў, клёнаў, дубоў.

Да пытання безбар’ернага асяроддзя. За выключэннем некаторых недадумак, яно існуе, але толькі ўнутры заапарка. Дабрацца і прыпаркавацца інваліду ля заапарка няма адмысловых пляцовак.  Таму паркавацца даводзіцца на ходніках. Таксама ўнутры заапарка няма ўказальнікаў праездаў на інвалідных вазках, бо некаторыя месцы маюць прыступкі пры адсутнасці побач пандусаў. Было б добра іх усталяваць, каб не заблытацца ў лабірынце дарожак заапарка.

Што да культуры адведванняў, то адчуваецца значна меншая колькасць тых, хто корміць жывёлаў і птушак несанкцыянавана. Шматлікія шыльды ўказваюць, што гэта рабіць забаронена і жывёлам усяго стае. Паглядзеўшы на гадаванцаў за сеткамі-кратамі, у гэта верыцца.

Ужо каля дзесяці гадоў, як у гараденскім заапарку няма слана. Цяпер на сайце заапарка праходзіць апытанне, дзе можна выказацца за набыццё гэтай вялікай жывёлы.

Хоць гарадзенскі заапарк у Беларусі, па шыльдах і вонкавым афармленні не відаць, што гэта так. Няма ніводнай інфармацыйнай шыльды, аформленай па-беларуску.

Агулам заапарк ператвараецца ў сапраўдны аазіс адпачынку. Лаўкі з відам на Гараднічанку, шапікі з ласункамі – усё гэта дае магчымасць гарадзенцам і гасцям Гародні правесці цудоўна некалькі гадзінаў вольнага часу разам. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня