Гарадзенскі заапарк – 2018
Летась, калі мы адведалі гарадзенскі заапарк, каб ацаніць яе прыгажосць, наяўнасць рэкрэацыйнай зоны, безбар’ернага асяроддзя, мы звярнулі ўвагу на некаторыя недахопы ў гэтых сферах. Дарэчы, летась, паводле даных адміністрацыі заапарка, яго наведала 150 тысячаў наведнікаў.
Што да безбар’ернага асяроддзя, то заўважны некаторыя станоўчыя змены. Найперш – туалет для людзей з інваліднасцю (вазочнікаў) . Абсталяваны ён так, як не сустрэнеш нават у паліклініках і іншых грамадскіх установах. Дзякуй варта сказаць адміністрацыі за гэта.
Што да беларускай мовы на шыльдах. То яны ўжо ёсць. Не інфармацыйныя шыльды, якія апавядаюць пра гадаванцаў заалагічнага парку. Шыльды папераджальныя і інфармацыйныя, уперамешку з расейскамоўнымі. Прынамсі гэта крок да адмовы ад дыскрымінацыі дзяржаўнай беларускай мовы.
Застаецца пажадаць адміністрацыі заапарку ісці далей, шляхам большага пашырэння беларускай мовы ў гэтым выхаваўчым аб’екце. Бо сюды наведваюцца перадусім беларускія грамадзяне і сярод іх – малыя беларусы. А тут можна было б выдрукаваць квіткі па-беларуску, усталяваць іншыя шыльды па-беларуску.
Сярод негатыўнага – у дзень наведвання звярнулі ўвагу на наяўнасць забаўляльнага аб’екта (надзьмуванай горкі для дзяцей), які працаваў з надта шумным генератарам і расейскай песняй. Мяркуем, што не толькі для людзей, але і для жывёлаў, птушак такі шум стварае дадатковы стрэс. Тут не да адпачынку.
І яшчэ, год назад праходзіла апытанка сярод гарадзенцаў пра неабходнасць буйной жывёлы для заапарку. Людзі прагаласавалі за набыццё слана. Вядома, што стары слон Сурак памёр амаль дзесяць гадоў таму. Вальер для слана да гэтай пары пусты.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара