Гародня: новыя ідэі для развіцця гарадскога турызму



У Гародні, у цэнтры “Фестывальны”, на міні-канферэнцыі па турызме гараджанам былі прапанаваныя дзве новыя канцэпцыі развіцця турызму.

Пра канцэпцыі распавядае Пшемыслаў Кучынскі, валанцёр з польскай Гдыні, які ўжо амаль 9 месяцаў жыве ў Гародні:

– Дзве такія ідэі, якія спраўджаныя, я не ўзяў іх з капялюша. Прывёз іх з сабой. Па-першае, гэта ідэя фестывалю опэн-хаўз, дзе людзі наведваюць месцы, якія звычайна недаступныя для іх. І гэтае наведванне адбываецца з правадніком, якімі звычайна з’яўляюцца людзі, якія працуюць у гэтым месцы. А другая ідэя –  „фры вокін тур”. Гэта таксама вядомая ідэя, спраўджаная неаднойчы. Размаўлялі на гэтую тэму. Бачым тут некалькі праблемаў, звязаных з правам.

 

На думку гарадзенскага гіда, арганізатара Фэста экскурсаводаў у Гародні Міхаіла Нарынкевіча, адна з гэтых ідэяў можа знайсці падтрымку сярод экскурсаводаў і гараджан.

– Першая частка, наконт опэн-хаўз. Гэта вельмі добрая ідэя. Гэтая ідэя пераклікаецца з фэстам экскурсаводаў, якія ладзяцца штогод. Ідэя, каб менавіта людзі, якія жывуць у гэтым месцы, у нашым горадзе Гародня, больш ведалі. Гэта ў першую чаргу таксама трэба адкрыць цікавыя аб’екты. У горадзе вельмі шмат музеяў у школах, музеяў на прадпрыемствах. Нейкія цікавыя рэчы ладзяцца ў кватэрах. Вось гэта было б вельмі цікава. І ў першую чаргу трэба знайсці валанцёраў, якія дапамогуць усё гэта зрабіць. Гэта файная ідэя.

На сустрэчы прысутнічалі экскурсаводы, культуролагі, ды іншыя асобы, зацікаўленыя ў развіцці гарадскога турызму.

Беларускае Радыё Рацыя