Гародню за тыдзень наведала рэкордная колькасць бязвізавых турыстаў
У Гародні адзначаецца рост турыстычнага патоку: за тыдзень у горадзе і ваколіцах пабывала рэкордная колькасць замежнікаў без візы.
Фота: belarusprimetour.com
З 29 красавіка да 6 траўня Гародня і Гарадзенскі раён наведалі амаль 3,9 тыс. бязвізавых турыстаў. Гэта рэкордная колькасць не толькі ў гэтым годзе, але і за ўвесь час існавання бязвізавай зоны ў раёне Гародні. Напрыклад, за аналагічны перыяд мінулага года рэгіён наведалі каля 2,5 тыс. бязвізавых гасцей.
„Традыцыйна больш за ўсё турыстаў да нас прыбываюць з краін-суседак – Літвы, Польшчы і Латвіі. На чацвёртым месцы па колькасці бязвізавых турыстаў Германія”, – распавялі ў кіраванні спорту і турызму. З пачатку 2019 года ў рэгіёне пабывалі звыш 36,6 тыс. бязвізавых турыстаў. За аналагічны перыяд мінулага года Гародня і наваколлі прынялі каля 18 тыс. такіх гасцей.
„Актыўна ехалі да нас на майскія святы і турысты з візамі, а таксама госці з Расеі. Турфірмы адзначалі небывалы ажыятаж. Яшчэ адзін відавочна прыкметны трэнд: пасля візіту ў Гародню замежнікі адкрываюць візы, каб яшчэ лепш пазнаёміцца з краінай, наведаць замкі ў Міры, Нясвіжы, Навагрудку, пабываць у Менску і іншых гарадах”, – распавялі ў кіраванні спорту і турызму аблвыканкама. Усталяванне цёплага надвор’я, пачатак сезона актыўнага адпачынку спрыяюць павелічэнню патоку турыстаў. Напрыклад, на лета ледзь не ўсе месцы ў гасцініцах Гародні ўжо забраніраваны.
З 1 студзеня 2018 года згодна з указам №462 „Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян” даступная для бязвізавых турыстаў зона пад Гародняй была пашырана на ўвесь Гарадзенскі раён. Акрамя аўтамабільных пунктаў пропуску даступнымі для такога роду гасцей сталі чыгуначны і авіяцыйны транспарт. За ўвесь 2018 год у Гародні прынялі звыш 92 тыс. бязвізавых замежнікаў.
Прапрацоўваецца пытанне па пашырэнні бязвізавай зоны. Такі крок дазволіць рэгіёну прадставіць новыя турыстычныя прадукты, пашырыць спектр паслуг, прапанаваць гасцям новыя напрамкі ў розных відах турызму – медыцынскім, гістарычным, культурным і нават вытворчым.