Гару Гедыміна ў Вільні адкрылі для наведнікаў



Гару Гедыміна і вежу замка на ёй зноў адкрылі для наведнікаў – памятнае месца ўмацоўвалі ажно 8 месяцаў.

„Віленчукоў і гасцей гораду зноў запрашаюць наведаць гару Гедыміна і вежу замка. Усе, хто хочуць узняцца на гару, могуць прайсці па гістарычнай сцежцы з боку ракі”, – прапаноўваецца ў афіцыйным паведамленні Літоўскага нацыянальнага музея.

Гара Гедыміна была зачынена з 4 лістапада 2017 года для аднаўленчых прац. У снежні мінулага года тут абвесцілі надзвычайнае становішча з-за апоўзняў. На ўмацаванне гары Гедыміна за апошнія два гады было выдаткавана € 3,7 мільёнаў.

Пакуль ішлі працы, паспелі правесці і археалагічныя даследзіны ў пошуках парэшткаў паўстанцаў 1863 года – былі выяўленыя парэшткі 17 чалавек. Археолагі таксама знайшлі рэшткі будынку, як мяркуецца, 16-га стагоддзя.

Улады Вільні абяцаюць, што канчаткова адновяць і ўпарадкуюць гару да 2022 года.

Беларускае Радыё Рацыя, фота Ладзіка Майніча