Гаўбцы і веранды Тбілісі
Калі прыязджаеш у сталіцу Грузіі і шпацыруеш па старому гораду ды ваколіцах, адразу звяртаеш сваю ўвагу на разьбяныя і каваныя гаўбцы і веранды ў жылых дамах ды іншых будынках. Дамы з навяснымі ажурнымі гаўбцамі – адзін з галоўных архітэктурных сімвалаў Тбілісі.
Разьбяныя гаўбцы Тбілісі называюць «шушабандзі». „Шуша” ў перакладзе з персідскага – шкло, „бандзі” – звязваць. Карункавыя і ажурныя гаўбцы нібы параць у паветры і здаецца, што яны ледзь трымаюцца, але асляпляльна эфектныя.
Шушабандзі – не проста дэкаратыўны элемент. Яны адводзяць спякоту летняга сонца ад жылых памяшканняў і забяспечваюць неабходную прахалоду. Гаўбцы – неад’емны складнік жыцця тбілісцаў. Гэта і месца адпачынку, і сталовая, і пляцоўка для гульняў дзяцей, і агульная гасцёўня, дзе на размовы збіраюцца суседзі.
Дарэчы, гаўбцы, як і веранды ў Грузіі ўваходзяць у агульную плошчу кватэры, таму часта з турыстамі здараюцца кур’ёзныя выпадкі, калі яны збіраюцца здымаць кватэры. Часам грузінскія ўладальнікі маёмасці залічваюць гаўбцы і веранды ў лік пакояў, і, напрыклад, двухпакаёвая кватэра з гаўбцом ці верандай у абвестцы ператвараецца ў трохпакаёвую і таму падобнае.
Беларускае Радыё Рацыя