Гданьск — падарожжа ў вольны горад
Вольны горад Гданьск, былы Данцыг, горад з тысячагадовай гісторыяй, заварожвае сваёй даўніной. Гэта не толькі старажытныя будынкі, што нахінаюцца нібы дрэвы на старых вулачках горада. Вулачкі як прыклад старой нямецкай архітэктуры ўражваюць сваёй прыгажосцю.
Аднак у першую чаргу жнівень у Гданьску — гэта Дамініканскі кірмаш, на які прыязджаюць гандляры з усёй Польшчы і Літвы. Тут можна набыць рэчы з розных эпохаў і часоў, паштоўкі і паштовыя маркі, прадметы даўніны.
Апроч старажытных прадметаў на вулачках гораду можна паласавацца прысмакамі розных народаў. Летувісы прывозяць сюды свой чорны хлеб і квас, таксама можна паскаштаваць піва з малых бровараў і паесці хлеба са смальцам. Народныя майстры на вуліцах Гданьска прапануюць не толькі традыцыйныя ўпрыгожванні з бурштыну, але і вырабы з дрэва і металу.
Дамініканскі кірмаш — гэта таксама месца, дзе ёсць забава для людзей рознага ўзросту. Адмысловыя пляцоўкі для дзетак і канцэртныя пляцоўкі для людзей старэйшага ўзросту і па розных коштах. У дні кірмашу некаторыя музеі адмыслова робяць дні вольнага ўваходу.
А паесці на вуліцах горада можна таксам у кавярнях і барах рознай коштавай катэгорыі ад 10 да 100 злотых. Хтосьці абірае «бары млечныя», ці месцы дзе прадаюць кебаб, а хтосьці ідзе ў рэстаран нацыянальнай кухні.
У Гданьску я быў ужо не першы раз, але кожны раз знаходжу для сябе нейкія цікавыя моманты і яшчэ больш захапляюся гэтым горадам. Гданск — мы да цябе яшчэ вернемся ў наступным годзе і спадзяюся ты раскрыеш нам свае цікавосткі яшчэ больш.
[Not a valid template]
Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя, Гданьск-Гародня