Гдыня: вайсковыя могілкі ці Могілкі абаронцаў Пабярэжжа
Вайсковыя могілкі ў горадзе Гдыня, што ў польскім кангламераце пад назваю Труймясто знаходзяцца на самым ускрайку горада, недалёка каля прыпынка Гдыня-Рэдлова, і маюць назву Могілкі абаронцаў Пабярэжжа.
Могілкі сабралі пахаванні жаўнераў польскага войска, што абаранялі краіну ў 1939-м годзе ад нямецкага нападу, тут таксама знаходзяцца пахаванні і савецкіх жаўнераў, што вызвалялі горад у 1945-м годзе.
Па неафіцыйных дадзеных, на гэтых могілках пахавана каля тысячы жаўнераў Другога Беларускага Фронту 28 сакавіка 1945 года.
Яшчэ некалькі год таму пахаванні савецкіх жаўнераў былі ў занядбаным стане. Цяпер, пасля праведзенай тры гады таму рэканструкцыі, на могілках зоркі і крыжы, што стаяць побач, выглядаюць як новыя.
Могілкі ствараюць уражанне дагледжанасці, каля самых вялікіх помнікаў ляжаць кветкі.
Апроч вышэйзгаданых пахаванняў на могілках пахаваныя забітыя падчас савецкага панавання абаронцы горада і маракі, расстраляныя і закатаваныя ў турмах з 1946 па 1956 год. Таксама ўражвае на гэтых могілках Помнік Удзячнасці, што перанесены на могілкі са сквера Касцюшкі.
Андрэй Мялешка, Гародня – Гдыня, Беларускае Радыё Рацыя