Геркуланум. Усе памруць, а я застануся



У старарымскім горадзе Геркулануме, які загінуў пры вывяржэнні Везувія разам з Пампеямі і Стабіямі, мяне найбольш уразіў невялічкі пакойчык, дзе жылі дзеткі. Пра тое, што пакойчык быў менавіта дзіцячы, сведчаць напаўабсыпаная фрэска: дзядзька з папірусам – няйнакш, як настаўнік, і хлопчык перад ім. Нанізе нават захавалася нечытаемае графіці. Мажліва – цытата з Гамера ці Вергілія, мажліва – сцвярджэнне, што суседскі хлопчык Луцый – дурань.

Большасці жыхароў Геркуланума пашчасціла ўратавацца падчас загібелі горада – у адрозненне ад суседніх Пампеяў. Пры раскопках Геркуланума знойшлі толькі 250 шкілетаў гараджанаў, якія да апошняша не верылі ў глабальную катастрофу. Дзіцячых парэшткаў сярод іх няма.

Падчас шпацыру па старарымскіх вуліцах міжволі ловіш сябе на думцы пра таго хлопчыка. Ці сапраўды яму пашчасціла ўратавацца? Кім ён потым стаў – легіянерам, гандляром, чыноўнікам, гаспадаром маёнтка,  ці, можа, паэтам? Застаецца адно гадаць; адзінае, што пакінуў пасля сябе маленькі жыхар загіблага горада – колькі словаў, нашкрабаных нанізу фрэскі.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара