Гід па страчанай архітэктурнай спадчыне Берасця



Гід па страчанай архітэктурнай спадчыне старога Берасця, які створаны дзякуючы тэхналогіі дапоўненай рэчаіснасці, ужо можна афіцыйна спампоўваць.

Стартавую версію мабільнага прыкладання „reBrest” апублікавалі прадстаўнікі культурна-асветніцкай ініцыятывы „Грунт”, – распавёў адзін з аўтараў ідэі Віктар Клімус:

– Зараз у ім ёсць адзін аб’ект – касцёл Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі кляштару бернардынак – вядомы архітэктурны аб’ект, які зараз, на жаль, у руінах, у вельмі занядбаным стане. Мадэль можна паглядзець у двух фарматах: маленькую ў маштабе на любой плоскасці альбо з дапамогай навігатараў-прыкладанняў знайсці тое месца, дзе калісьці месціўся храм.

Прыкладанне „reBrest” з’яўляецца падарункам грамадскіх дзеячаў да 1000-гадовага юбілея горада. Агульны тэрмін распрацоўкі склаў больш за год.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота Яўген Скрабец