Гішпанія асцярожна выходзіць з каранціну



На вуліцу можна ўжо выходзіць. Але кожнаму ў свой час. Так сітуацыя выглядае ў Гішпаніі, дзе да нядаўняга часу сітуацыя з каронавірусам была крытычнай. Цяпер у Іберыйскім каралеўстве колькасць ахвяраў Covid-19 за суткі складае меньш за 300 асобаў. І адпаведна, паступова здымаюцца абмежавальныя захады. Упершыню за сем тыдняў дазволена гуляць на вуліцы, а не толькі выходзіць за прадуктамі і ў аптэку. Улады для кожнай групы насельніцтва вызначылі свой час, каб пазбегнуць скаплення людзей на вуліцы. Як гэта выглядае – расказвае Таццяна Далгіх, якая доўгі час жыве ў Гішпаніі ды працуе там выкладчыцай.

– З 5 да 7 гуляюць дзеці да 14 гадоў і маленькія дзеці ў суправаджэнні аднаго з бацькоў. Да 11-12 гуляюць пажылыя людзі і пасля з сямі да васьмі таксама гуляюць сталыя людзі. А ў астатні час мы можам выходзіць. Усё нарміравана і выконваецца. Я асабіста бачыла, калі спынялі маладога чалавека, які быў не ў свой час на вуліцы, яго спынілі, і, верагодна, аштрафавалі.

Таксама ўжо малы бізнес можа аднаўляць сваю дзейнасць, пачалі працаваць салоны прыгажосці, але з выкананнем строгіх санітарных нормаў. Гішпанія з каранціну будзе выходзіць паступова, чакаецца 4 этапы, але вяртанне да нармальнага жыцця ў новых умовах там чакаюць не раней за канец чэрвеня. На 7 траўня ў Гішпаніі 256 тысячаў 855 вырадкаў Covid-19, сярод якіх 26 тысячаў 70 смяротных ахвяраў. Смяротнасць складае 10,1%.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tsn.ua