Гістарычная справядлівасць у Давыд-Гарадку



Днямі стала вядома, што ў Давыд-Гарадку, які знаходзіцца на паўднёвым ускрайку Берасцейшчыны будзе адроджана святыня — касцёл Божага Цела. Яго ў старажытным палескім мястэчку пабудавалі яшчэ ў сярэдзіне 1930-х гадоў, але малітвы ў ім гучалі нядоўга.

Вяртанне будынка пад юрысдыкцыю Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі сапраўды з’яўляецца фактам гістарычнай справядлівасці. Каталікоў у Давыд-Гарадку амаль няма і гэта быў адзін з галоўных чыннікаў, чаму столькі часу не вярталася хрысціянскае жыццё ў гэтыя муры.

Яшчэ ў 2013 годзе, карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя, рыхтуючы рэпартаж па унікальным фестывалі“Конікі” – ладзяць на Шчодры вечар – пацікавіўся ў мясцовых жыхароў незвычайным выглядам будынка Дома культуры. Тады і распавялі, што гэта былы касцёл, які бальшавікі перарабілі пад установу культуры.

Увогуле ад моманту закладання касцёла адбываліся нейкія містычныя рэчы. Па ўспамінах тутэйшых старажылаў, ахвяраванні на будаўніцтва давалі вернікі і ваеннаслужачыя корпуса памежнай аховы. Сродкі сабралі досыць хутка, але літаральна праз нейкі час яны зніклі. Аналагічна сталася і за другім разам. Ад ідэі стварэння ўсё ж не адмовіліся і трэцяя спроба стала паспяховай.

Касцёл Божага Цела ў Давыд-Гарадку адкрыў пінскі біскуп Казімір Букраба, але ўжо праз два гады на Палессі запанавала савецкая, атэістычная ўлада. Дарэчы, касцёл напаткаў не самы горшы лёс, бо ўсё ж ацалеў, няхай і страціў вежу і перарабілі ў Дом культуры. Шмат хрысціянскіх святынь чакаў куды горшы лёс – поўнае знішчэнне.

У тым жа 2013 годзе ў Пінскай дыяцэзіі і размоў пра аднаўленне касцёлу не вялося, хаця некаторыя вернікі выказвалі такую ініцыятыву. У самім Давыд-Гарадку на той час актыўна абмяркоўвалася пытанне пераезду Дома культуры ў іншы будынак, а ў памяшканні планавалі стварыць музей. Усё ж мясцовыя жыхары не віталі здзеку з рэлігіі і 70-год так ці інакш гэтае пытанне хвалявала сумленне. Казалі нават і пра тое, што ў будынку жыве нейкая істота, якая злякала не аднаго наведвальніка Дома культуры. Сапраўды, танчыць у алтарнай частцы — далёка не па-хрысціянску.

Нарэшце ўсё вярнулася на свае месца. Сёлета Давыд-Гарадок прымаў берасцейскія абласныя «Дажынкі-2017» і ў рамках падрыхтоўкі да хлебаробчага свята для Дома культуры рэканструявалі будынак былога кінатэатра, куды клуб паспяхова пераехаў. Пусты будынак аддалі Пінскай дыяцэзіі, дзе цяпер пачаліся рамонтныя працы і хутка зноў у гэтых мурах загучыць святая малітва да Стваральніка Сусвету.

 Гарынь на якой ўжо дзевятае стагоддзе стаіць Давыд-Гарадок.

Князь Давыд на цэнтральнай плошчы. Ён лічыцца заснавальнікам горада.

Народны музей у Давыд-Гарадку, які доўгі час ачольваў краязнаўца Мікалай Бразоўскі.

 Дрэва, пасаджанае за польскім часам у гонар незалежнасці Польскай дзяржавы (1918-39).

Будынак кінатэатра, куды з касцёла пераехаў Дом культуры.

Так выглядаў Дом культуры (касцёл Божага Цела) да 2017 года.

 Касцёл Божага Цела ў Давыд-Гарадку на момант свайго адкрыцця, 1936 год.

 Так выглядаў Дом культуры (касцёл Божага Цела) да 2017 года.

Жаўнеры 17-га корпуса памежнай аховы, які знаходзіўся ў Давыд-Гарадку і ўдзельнічаў у будаўніцтве святыні.

 Так выглядаў уваход у Дом культуры (касцёл) да 2017 года.

 Цяпер замест сцэны вернецца алтар.

Беларускае Радыё Рацыя