Гісторыка-культурная каштоўнасць ХІХ стагоддзя: касцёл Маці Божай Унебаўзятай



Каб наведаць гэты помнік архітэктуры, трэба прыехаць у вёску Канстанцінава, што на Мядзельшчыне. Яна месціцца на трасе Полацак-Вільня, прыкладна за 35 кіламетраў на паўночны захад ад райцэнтра. У вёсцы ёсць пахаванні нямецкіх салдат часоў Першай сусветнай вайны, капліца на могілках, захаваліся рэшткі сядзібы ХІХ стагоддзя. Але ўсё ж галоўнай славутасцю з’яўляецца будынак касцёла ў стылі неакласіцызму.

Першы касцёл у вёсцы Канстанцінава быў драўляны, яго збудавалі ў 1793 годзе. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, драўляны касцёл спалілі французы падчас вайны 1812 года. Потым быў пабудаваны новы храм.

Будаўніцтва касцёла было распачата ў 1820 годзе і спынена праз шэсць гадоў з прычыны смерці мясцовага землеўладальніка, які фінансаваў будаўніцтва касцёла. Нягледзячы на гэта, незавершаны будынак быў асвечаны і пачаў функцыянаваць. У 1825 годзе канстанцінаўскую парафію ўпершыню наведаў каталіцкі біскуп.

У 1896 годзе мясцовыя мецэнаты знайшлі неабходныя сродкі і завяршылі будаўніцтва храма. У той час вакол касцёла пабудавалі каменную агароджу, а перад храмам з’явілася велічная брама. У гэтым выглядзе касцёл і захаваўся да нашых дзён.

У міжваенны перыяд вёска Канстанцінава ўваходзіла ў склад Польшчы, таму храм быў у належным стане. Касцёл Маці Божай Унебаўзятай у вёсцы Канстанцінава не быў зачынены і пры саветах. Ён адзін з нешматлікіх беларускіх храмаў, які бесперапынна дзейнічае з моманту сваёй пабудовы і да нашых дзён.

Побач з касцёлам у вёсцы Канстанцінава размешчаны драўляны будынак старой плябаніі (дома святара і парафіяльнай адміністрацыі), пабудаваны таксама напрыканцы ХІХ стагоддзя. Каля яе стаіць новая трохпавярховая плябанія, каменны будынак парафіяльнага цэнтра, пабудаваны ў 1997 годзе. Перад касцёлам месціцца невялікі сквер і спартыўная пляцоўка.

[Not a valid template]

Сёлета каталіцкай парафіі ў Канстанцінаве споўнілася 225 гадоў, у студзені вернікі ўрачыста адсвяткавалі гэтую ўрачыстасць. На жаль, па словах ксяндза Алега Мурзіча, пробашча парафіі Унебаўзяцця Маці Божай у Канстанцінаве, з кожным годам колькасць парафіян змяншаецца. Штогод ён хавае па 25-30 чалавек, а моладзі больш не становіцца. Але ён не маркоціцца, бо кожны год 1-2 сям’і прыязджаюць жыць у Канстаніцінава.

Паводле ксяндза, ён мае надзею, што Бог не пакіне гэтую парафію і людзі будуць наведваць касцёл Маці Божай Унебаўзятай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі