Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»



Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» быў створаны 31 снежня 1986 года паводле пастановы Савета Міністраў БССР на базе Заслаўскага гісторыка-археалагічнага запаведніка (заснаваны ў 1967 г.). Стваральнікам і першым яго кіраўніком была мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская.  З 2005 года дырэктарам музея-запаведніка з’яўляецца мастацтвазнаўца Мікола Паграноўскі.

Ахоўная зона плошчаю 113 га уключае Заслаўскі замак (гарадзішча «Вал») з былым кальвінскім зборам 2-й палавіны 16 – пачатку 17 ст., гарадзішча «Замэчак» 10—11 ст., курганныя могільнікі 10 — 11 ст., касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1774), рэшткі сядзібы Заслаў 17—19 ст. На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца музейна-выставачны комплекс, этнаграфічны комплекс «Млын», музей «ДАП» і дзіцячы Музей міфалогіі і лесу.

Помнік князю Ізяславу

Музейна-выставачны комплекс у Заслаўе быў адкрыты для наведвання ў 1992 г. У зале габеленаў прадстаўлены творы беларускіх мастакоў В. Дзёмкінай і Ю. Піскуна «Рагнеда», «Полацкія званы», «Малітва».

Тэма гісторыі Полацкага княства і Заслаўя перадаецца праз вобразы Рагнеды і Ізяслава.

Каля 1571 года філосаф, асветнік Сымон Будны пераехаў у Заслаўе да менскага кашталяна Яна Глябовіча. Тут Будны пражыў каля двух год. У чэрвені 1572 года ён скончыў працу над перакладам кніг Старога Запавету, якія разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да Чытача» былі надрукаваны Д. Лэнчыцкім, верагодна, ва Уздзе, куды браты Кавячынскія перавезлі колішнюю Нясвіжскую друкарню.

Зала «Музыка вячорак» знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. Экспануюцца музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі і аб’яднаныя ў вясельныя гурты: гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны, дуда і цытра.

У выставачнай зале праводзяцца часовыя абменныя выстаўкі з фондаў музеяў і прыватных творчых майстэрняў Беларусі.

Фота Васіля Кроквы, Беларускае Радыё Рацыя