Гісторыя гарэльефу Уладзіміра Караткевіча ў Воршы



Гарэльеф з выявай маладога Уладзіміра Караткевіча можна пабачыць ў Воршы, на вуліцы, дзе жыў пісьменнік у юнацтве.

Гарэльеф Уладзіміра Караткевіча ў Воршы

Гарэльеф – адзін з выглядаў скульптурнага рэльефу, у якім выява выступае над плоскасцю больш за палову, ён бліжэй да аб’ёмнай скульптуры.

Аршанскі гарэльеф знаходзіцца на скрыжаванні вуліц імя Уладзіміра Караткевіча і Леніна – насупраць царквы Святога Леаніда і „нулявога кіламетра”.

У 1990 годзе гарэльеф быў замацаваны на сцяне будынку, дзе на той час месцілася кантора Аршанскага піўзавода. Адкрыццё гарэльефу было прымеркаванае да шасцідзесяцігоддзя Уладзіміра Караткевіча і пераіменавання вуліцы Касманаўтаў у вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча.

Аўтар гарэльефу – скульптар з Талачына Юры Палякоў. У лістападзе 2022 года літаратар Сяргей Пляскач распытаўся ў скульптара Юрыя Палякова пра гісторыю стварэння гарэльефа:

“У дзень прыёмкі ў майстэрню ўвайшла сястра Караткевіча і адразу сказала: “Валодзя! Так, гэта ён”. І скульптар адразу зразумеў, што работа будзе зацверджаная. Вобраз доўга не прыходзіў, але скульптар наўмысна сябе не прыспешваў, быў пэўны – само прыйдзе. Вельмі шмат чытаў твораў Караткевіча. Аднойчы праседзеў з “Дзікім паляваннем” да світання (раней ніколі так зацята нічога не чытаў). І вось неяк ён размясціўся ля тэлевізара, чакаючы футбольную трансляцыю (Юры Віктаравіч усю маладосць гуляў у футбол), у руках быў аловак, а на часопісным століку папера. І вось рука сама правяла нейкую няпэўную лінію, але гэтага хапіла, каб мастак адразу ўбачыў усю скульптуру. Літаральна за некалькі хвілін быў зроблены першы накід… А 26 лістапада 1990 года здарылася страшэнная завея. Аўтобусы не хадзілі. Тады Юры Віктаравіч жыў у вёсцы Славені і да чыгуначнай станцыі змог дабрацца толькі пасля абеду. На адкрыццё помніка спазніўся. Аршанскія мастакі трохі кпілі з яго, што ўпусціў свой шанц падняць чарку са славутымі сталічнымі пісьменнікамі. А яшчэ сказалі, што сястра Уладзіміра Сямёнавіча вельмі хацела яго пабачыць. Пазней яны сустракаліся неаднойчы, разам ездзілі ў Віцебск, шмат гаварылі.

Мастак Ігар Куржалаў, які зрабіў экспазіцыю музея Уладзіміра Караткевіча ў Воршы, гаворыць: „Уладзімір Караткевіч любіў трымаць рукі за спінай, як складзеныя крылы. Гэта вобраз юнацкі. Ёсць такі фотаздымак студэнцкіх часоў. Ён скончыў Кіеўскі ўніверсітэт, „рассаднік вальнадумства” за саветамі. Я лічу, што аўтар добра схапіў яго вобраз, маладосці 50-х”.

Беларускае Радыё Рацыя