Гісторыя на Хэлоўін, або Беларуская Трансільванія



Традыцыйнае свята для англамоўных краін – Хэлоўін – усё больш уваходзіць у жыццё Беларусі. Безумоўна, яго прасоўвае моладзь, бо з большага гэта юнацкая забава, гульня ў нячыстую сілу. Але ж і ў беларусаў ёсць свае традыцыі, звязаныя з містыкай.

cheluin_zastauka

Дагэтуль на Пінскім Палессі захаваліся артэфакты, якія сведчаць, як палешукі змагаліся з нячыстым духам. Тутэйшыя экскурсаводы для большай цікавасці могуць заявіць, што нібы існавалі палескія вампіры. Канешне, аніякіх вампіраў на Палессі не было. А хаця давайце разбяромся…

Увосень 1934 года, падчас экспедыцыі на Піншчыне, вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд зрабіла запіс у сваім нататніку: “Могілкі месцяцца на ўзгорках побач з вёскамі. Большасць з іх агароджана нефарбаваным драўляным плотам, некаторыя – калючым дротам. Магілы, над якімі ўзвышаюцца крыжы з нефарбаванага дрэва, без прозвішчаў альбо іншай спасылкі на асобу,  –  прыкрыты калодамі…”. І вось легендарную амерыканку зацікавіла, а што ж гэта за калоды?

chel1Нарубы на Палессі, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.

На Пінскім Палессі ў вёсках Парэ, Багданаўка, Біжаравічы, Церабень і Грыўковічы іх называюць “нарубы”, а раней ужывалі і тэрмін “дубы”. Пасля пахавання на магілу замест землянога насыпу палешукі ўкладвалі вялікую драўляную, часцей з дубу, калоду. Рабілі таксама і невялікія збудаванні над магіламі нібы хаткі. Дзякуючы здымкам Луізы Арнер Бойд бачна, што каля ўзгалоўя нябожчыка знаходзіцца пахавальны крыж, а ў калодзе ці побач – яшчэ некалькі малых.

Такое дзіва заўважыў і расейскі даследчык, фалькларыст Дзмітрый Булгакоўскі. У сваёй кнізе “Пінчукі” ён адзначаў вялікую рэлігійнасць палешукоў, якая ўвабрала ў сябе яшчэ і язычніцкія звычаі. Прычым не мае значэння, да якой канфесіі належаць жыхары балотнай краіны: праваслаўе, уніяцтва, каталіцтва ці ўвогуле пратэстанты. Сувязь з традыцыямі продкаў больш чым будзь-якія царкоўныя каноны. Вядома, што святары спрабавалі выкараніць такія нехарактэрныя хрысціянам традыцыі, але ўсё безвынікова.

chel2Набожнасць палешукоў – шмат крыжоў у кожным паселішчы, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.

Навошта рабілі нарубы палешукі? Як ужо казалася, экскурсаводы любяць інтрыгаваць турыстаў думкай, што нарубы звязаныя з праяўленнем у гэтых мясцінах вампірызму. Насамрэч захаваліся сведчанні старажылаў, якія ўсё добра тлумачаць. Так рабілі іх продкі, каб нябожчыкі з могілак дадому не вярталіся. Прыціснуўшы магілу нарубам, зрабіўшы такі рытуал, палешук быў ўпэўнены, што па начах мёртвыя не пачнуць хадзіць па дварах і людзей з сабой зацягваць.

Павер’е ці сапраўды калісьці на Піншчыне здарылася абуджэнне памерлых – мы не даведаемся, але пабачыць на ўласныя вочы такія артэфакты яшчэ магчыма. Для гэтага трэба наведаць дзіўнае Пінскае Палессе.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск