Глыбоцкі дэндрасад у кастрычніку



Глыбоцкі дэндрасад – другі па велічыні і колькасці відаў раслін пасля батанічнага саду ў Менску. 

Дарэчы, першапачаткова створаны ў лясгасе дэндрарый называўся «Дэндралагічных парк Глыбоцкага лясгаса». А ў красавіку 1985 года назву змянілі на «дендрасад».

Ідэя яго стварэння належыць спецыялістам мясцовага лясгаса напрыканцы 50-ых гадоў мінулага стагоддзя. Праектаванне і закладка дэндрасаду планавалася ў некалькі этапаў. Напачатку збіраліся зрабіць невялікі дэндрарый на плошчы 2.2 гектараў і пасадзіць там 158 відаў дрэў і хмызнякоў. Але ў перыяд з 1960-62 гг. пад кіраўніцтвам інжынера лясгаса Віктара Ламакі праект быў пашыраны – тэрыторыя павялічылася да 8 гектараў і адпаведна ўзрасла колькасць відаў раслін. Цяпер дэндрасад займае тэрыторыю 8.2 гектара, на ёй пасаджана больш за 500 відаў і больш за 3.5 тысячы дрэва-хмызняковых парод, якія адносяцца да 102 родаў і 36 сямействаў. Там растуць і дубы-старажылы, якім па 200 гадоў і якія пабачылі ранейшую гісторыю гэтых мясцін. Тэрыторыя дэндрасаду мяжуецца алеямі 12 секцый.

У калекцыю дэндрасаду ўваходзяць інтрадуцыраваныя расліны, прывезеныя з Японіі, Паўднёвай Амерыкі, поўдня Еўрапейскай часткі Расеі і паўднёва-ўсходняй часткі Заходняй Еўропы.

 З 1991 года глыбоцкі дэндрасад з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Дэндрасад – адно з найбольш любімых месцаў для сямейнага адпачынку глыбачан і гасцей горада. Таксама амаль кожную суботу ці пятніцу тут можна пабачыць вясельныя фотасесіі ды  іншых аматараў фатаграфавання.

Побач з дэндрасадам знаходзіцца  сцежка здароўя, якую калісьці рабілі мясцовыя ўлады пры падтрымцы амаль усіх прадпрыемстваў і арганізацый горада. Але зараз яна ў занядбаным стане.

Таксама непадалёк ад дэндрасаду месцяцца некалькі альтанак для адпачынку, дзе можна пасмажыць шашлыкі і зладзіць невялікія сямейныя і карпаратыўныя ўрачыстасці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя