Гоа – край вечнага кайфу
Гоа – гэта самы малы штат на ўсходнім узбярэжжы Індыі, гэткая бесклапотная выспа штодзённага рэлаксу.
Паветра, што патыхае кампотам з экзатычнай садавіны, аквамарын Аравійскага мора, какосавыя пальмы на бясконцых пляжах, ненавязлівы “гоа-транс”, які гучыць тут паўсюдна, дабразычлівыя і сціплыя індыйцы… Праз тры дні такога жыцця ў Гоа з тваёй галавы цудадзейна выпетрываюцца ўсе праблемы. Праз пяць дзён ты забываешся, што недзе можа існаваць слота, шэрань і восеньскі дождж. А прыз два тыдні зразумееш, што цябе хочацца застацца ў Гоа назаўжды.
Прынамсі, я ведаў нямала людзей, якія прыехалі сюды “адпачыць на пару тыдняў”, а ў выніку жывуць тут па дзесяць і болей гадоў.
Для еўрапейскага свету гэтую зямлю адкрылі партугальскія мараплаўцы, прагныя да ўсходніх спецый, каштоўных камянёў і золата тубыльцаў. Першым тут пабываў Васка да Гама ў 1498 годзе. Ці не большасць партугальскіх ваяроў, гандляроў і авантурыстаў, якія потым прыбывалі на Гоа “на колькі тыдняў”, так і заставаліся тут жыць. Будавалі касцёлы і фартэцыі, рэгулярна ваявалі з мясцовымі плямёнамі і з задавальненнем браліся шлюбамі з тутэйшымі прыгажунямі. Партугальцы і панавалі ў Гоа ажно да 1974 года, пакуль гэты край не быў уключаны ў склад Індыі.
Ці не ўсё жыццё ў сучасным Гоа круціцца вакол так званых “шэкаў” – пляжных гандэлкаў, злепленых з пальмавых ствалоў, плеценых цыновак, бляхі, цэлафану і яшчэ невядома чаго. Вандраўніку варта абраць “шэк” адразу і на ўвесь час адпачынку – гаспадар гандэлка такое напэўна ацэніць! Індыйцы ўвогуле людзі дабразычлівыя і з радасцю падсядуць да твайго століка “пабалбатаць пра жыццё”. Калі ты не надта добра валодаеш ангельскім – трэба падвучыць: ангельскай на Гоа размаўляюць практычна ўсе, ад пляжных гандляроў і да начальніка паліцыі.
Пазагараў, пакупаўся ў акіяне? А цяпер знайдзі сілы адарвацца ад крэсла ў “шэку” ці ад пляжнага лежака і павандраваць па Індыі самастойна.
Бо Гоа, як сцвярджаюць і тубыльцы, і дасведчаныя еўрапейцы, – гэта не зусім Індыя. Ці нават зусім не Індыя…
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара