Горад з «Пагоняй»: падарожжа ў Рэчыцу



Падарожжа ў горад Рэчыцу, месца, што стаіць на Дняпры, адбылося ў мяне ў пачатку лютага 2018 года.

Цягнік ў Рэчыцу з Гародні ідзе палову сутак і прыходзіць а сёмай раніцы. Мой прыезд у гэты горад Гомельскай вобласці быў звязаны з папулярнымі курсамі “Мова Нанова”. Выйшаўшы з цягніка я адчуў, што трапіў на нейкую поўнач. Мароз стаяў амаль мінус 20 і вялікія гурбы снегу нагадвалі мне нейкую Сібір. Аднак, мой падарожны гід па месце, журналіст Андрэй Мядзведзеў, здолеў паказаць мне ў гэтую халадэчу адметнасці гэтага горада.

Замчышча, дзе калісьці стаяў умацаваны драўляны замак пабудаваны Вітаўтам, пераўтворана ў дзіцячы парк атракцыёнаў, і толькі невялікія ўказальнікі даюць зразумець пра яго былое прызначэнне.

Каталіцкі і праваслаўны храмы цэнтра Рэчыцы стаяць побач як два браты, што назіраюць за горадам.

Свята-Успенскі праваслаўны храм, што калісьці быў уніяцкім, у савецкі час быў Домам сацыялістычнай культуры і краязнаўчым музеем, аднак, амаль 20 гадоў таму адбылася рэканструкцыя храма і ён быў аддадзены царкве для выканання функцый храму.

Касцёл побач мае назву Святой Троіцы і быў ў неагатычным стылі пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя.

Храм за савецкі час таксама мяняў як пальчаткі сваё прызначэнне. Электрастанцыя ці склад, вітамінны бар, піўная. Мой падарожнік распавядаў, што памятае той час, калі над уваходам вісеў вялікі драўняны надпіс-шыльда “Піўная” па-беларуску.

Цікавыя адметнасці цэнтра Рэчыцы сабралі ў сабе розныя будынкі і помнікі.

Бадай самым цікавым помнікам для аматараў гісторыі ХХ стагоддзя ёсць помнік Мітрафану Доўнар-Запольмкаму, аўтару забароненай ў савецкі час “Гісторыі Беларусі”, чалавеку, які падтрымліваў ідэі БНР і ўдзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Змены урадаў у 1918-20 гадоў у Рэчыцы стагоддзе таму магчыма таксама назіраць на і будынках у цэнтры гораду. Напрыклад, на будынку былой паштова-тэлеграфнай канторы ўказана, што тут быў рэвалюцыйны камітэт бальшавікоў. У будынках побач былі калісьці былі прадстаўнікі ураду Стрэкапытава, які спрабаваў далучыць горад да Рускай Народнай Рэспублікі з цэнтрам у Гомелі.

Для тых, хто мае троху больш чым некалькі гадзін часу для падарожжа па горадзе, раю наведаць краязнаўчы музей Рэчыцы, дзе з вялікай колькасці экспанатаў знайсці для сябе нешта цікавае.

Сучасная Рэчыца – гэта горад кантрастаў. Адна і бадай самая вялікая частка Рэчыцы – гэта горад нафтавікоў. Больш за паўстагоддзя таму ў 1964 годзе каля Рэчыцы была знойдзена нафта і цяпер больш за паўгорада працуе на нафтавую прамысловасць. Таксама гэта адбіваецца і на структуры горада. Напрыклад, палац нафтавікоў у цэнтры як нейкі маўзалей блішчыць сваёй прыгажосцю, а побач у нейкіх сотнях метрах стаіць невялічкі гарадскі палац культуры.

Таксама Рэчыца знакаміта сваім Metal Crowd фэстам які больш дзясятка год адбываўся ў гэтым раённым цэнтры.

Адваротны шлях з Рэчыцы ў Гародню адбываўся як нейкі квэст, спачатку цягніком увечары да Менска, са спадзяваннем трапіць на першую маршрутку з Менску ў Гародню. Рэчыца, я спадзяюся патрапіць да цябе яшчэ ўлетку, каб пабачыць ўсю прыгажосць Дняпра, які гэтым разам быў скаваны ільдом.

Андрэй Мялешка, Гародня-Рэчыца-Гародня