Горад з уніяй: падарожжа ў Люблін
Гарадзенцу, каб патрапіць у Люблін, што вядомы сваёй уніяй, можна даехаць двума шляхамі: праз Берасце ці праз Беласток. Другі шлях даражэйшы, але хутчэйшы. Тры гадзіны ад Гародні маршруткай да Беластоку, і затым яшчэ тры гадзіны з Беластоку да Любліна на прыватнай маршрутцы. Дарэчы да Любліна з Беластоку ехалі 4 чалавекі.
Горад аб’яднання дзяржаў адразу з вакзалу сустракае замкам на гары, у якім ў 1569 годзе падпісалі пагадненне аб супольным панаванні. Супольны Герб дзвух дзяржаваў: Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага можна ўбачыць на дзяржаўных будынках, нават у невялікіх кавярнях. Цантральная пешая вуліца багатая на помнікі даўніны. Будынкі ў стылі люблінскага рэнесансу сустракаюцца на кожным кроку. Здзіўляюць надпісы на розных мовах: па-польску і па-чэшску, па-ангельску, а таксама на ідзішы.
Што яшчэ можна ўбачыць ў горадзе з 800 гадовай гісторыяй? Кракаўскую браму і Літоўскую плошчу, палац Чартарыйскіх вам пакажа кожны жыхар гораду. А чаго ён не пакажа – дык гэта вялікую колькасць манахаў з розных каталіцкіх ардэноў, што прыяджаюць у Люблін на вучобу. Менавіта манахі былі маімі першымі мінакамі на пустынных вуліцах Любліна, куды я выйшаў прагуляцца а 8-й раніцы.
Яшчэ Люблін вядомы філатэлістычны цэнтр Польшы, які мае замежныя прадстаўніцтвы ва Украіне ды Беларусі. Менавіта сюды на сустрэчы прыязджаюць на свае зборы філатэлісты з усёй Польшы.
Маё падарожжа ў Любліне было троху большае за суткі, і з-за складанага злучэння з Беластокам: аўтобус ходзіць толькі два разы ў суткі, прыйшлося рана вяртацца дадому. Апроч таго ў Беласток маршрутка прыязджае позна і прыйшлося начаваць у Беластоку, бо вячэрні спосаб дабрацца да Гародні цяпер адсутнічае. Раней увечары з Беластоку ў Гародню хадзіў цягнік, а зараз яго няма.
[Not a valid template]
Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара