Грамадзянам Літвы дазволілі выязджаць з краіны



Паколькі ўрад Літвы змякчыў каранцінныя ўмовы, з панядзелка, 4 траўня, літоўскія грамадзяне без абмежаванняў могуць выязджаць з краіны, піша eadaily.com са спасылкай на LETA.

З сярэдзіны сакавіка да гэтага часу з краіны дазвалялася выязджаць толькі тым літоўскім грамадзянам, хто працуе або пражывае за мяжой. З пачатку каранціну да панядзелку з Літвы не было дазволена выехаць больш чым 450 грамадзянам.

Прыбыццё замежнікаў у Літву па-ранейшаму забаронена. Выключэнні прымяняюцца толькі ў дачыненні да перавозчыкаў, дыпламатаў, вайскоўцаў. Літоўскія памежнікі з пачатку каранціну адмовілі ва ўездзе ў Літву 1360 людзям. Літоўскія грамадзяне, якія вярнуліся на радзіму з-за мяжы, павінны будуць на працягу 14 дзён выконваць самаізаляцыю.