Грузія: сінагога ў Оні



Падчас аднаго з апошніх падарожжаў па Грузіі ўдалося патрапіць у рэгіён Рача, а дакладней у невялічкі гарадок Оні.

Трэцяя па велічыні на ўсю Грузію сінагога знаходзіцца на ўскрайку гэтага населенага пункту. Яна была ўзведзена ў 1895 годзе і ўяўляе сабой прамавугольны купальны будынак у эклектычным стылі.

Калі распавядаць пра пабудову гэтага комплексу, то ён выглядае наступным чынам: з усходняга боку сінагогі прыбудаваны вароты, купал абапіраецца на чатыры калоны і на пераходныя паўкруглыя аркі. Завяршаюць калоны дэкаратыўныя капітэлі, упрыгожаныя рэльефным раслінным арнаментам. Інтэр’ер сінагогі падзелены калонамі на тры асноўныя часткі, прычым у параўнанні з паўночнай і паўднёвай нефай, цэнтральная зала большая. У інтэр’еры, уздоўж сцен ідзе пераходзячая на паўкалоны паўкруглая, спічастая аркада.

У будынку шмат вокнаў і, такім чынам, унутраная прастора добра асвятляецца. Па кутах даху сінагогі размяшчаюцца выразаныя з каменя дэкаратыўныя фігуры, упрыгожаныя арнаментам. Уверсе ўваходу знаходзіцца мармуровая пліта з выгравіраваным на ёй надпісам на іўрыце. Над надпісам, на той жа пліце, у правым і левым кутах намаляваны зоркі Давіда, а пасярэдзіне дата пабудовы – „1895 г”. Мармуровая пліта таксама знаходзіцца і на ўсходняй сцяне, на пліце намаляваны два сіметрычна размешчаныя пэндзлі рук, а ніжэй гэтай выявы дзесяць запаведзяў на іўрыце. Сінагога цалкам абкладзена вапняковым каменем.

Калі казаць пра дзейнасць габрэйскай абшчыны – служба ў гэтым будынку не адбываецца апошнія 10 год. Гэта адбылося таму, што па традыцыях, рэлігійныя абрады павінны праводзіцца пры наяўнасці 10 мужчын у абшчыне, а цяпер на ўвесь населены пункт – 11 прадстаўнікоў супольнасці, з якіх толькі трое – мужчыны.

Патрапіць у сінагогу можна толькі пры дамове з чалавекам, які ахоўвае і сочыць за будынкам, што ў нашай групы атрымалася.

Ён з цікаўнасцю распавядаў пра былую веліч габрэйскай супольнасці ў населеным пункце, і канстатаваў спад зацікаўленасці да традыцый, і да таго народу, які калісьці жыў у гэтым рэгіёне. Спадзяюся, што я яшчэ калісьці патраплю ў гэты рэгіён, і і даведаюся яго гісторыю больш падрабязней.

Беларускае Радыё Рацыя