Іанічнае мора. Аквамарын і золата



Слова “мора” спараджае выключна курортныя асацыяцыі – прынамсі, у сезон адпачынкаў. Шматлюдныя пляжы з парасонамі, лежакамі і загарэлымі курортнікамі, шчаслівыя дзеткі на водных атракцыёнах, натоўпы адпачывальнікаў на вечаровай набярэжнай…

На Іанічных выспах, што на захадзе ад мацерыковай Грэцыі, вядома ж, ёсць і пляжы, і атракцыёны, і набярэжныя. Але натоўпаў адпачывальнікаў, як у турэцкай Анталіі ці на балгарскіх Залатых Пясках, там не сустрэць. Можа, таму, што дабірацца на Іанічныя выспы цяжэй, чым на папулярнейшыя ў турыстаў Крыт, Родас ці ў Салонікі. Можа, таму, што выспы гэтыя (акрамя, хіба што, Корфу), не так раскручаныя тураператарамі. А, можа, таму, што турыстычная інфраструктура на тых выспах значна саступае той, да якой прызвычаіліся пераборлівыя адпачывальнікі.

Апошняя акалічнасць, напэўна, і захавала прыроду Іанічных выспаў у збольшага першародным выглядзе. Пясчаныя пляжы, дзе за цэлы дзень можна не сустрэць ніводнага чалавека. Шэрыя скалы, якія памятаюць караблі Адысея, рымскія трырэмы і венецыянскія галеры. І марскі далягляд, на якім за колькі гадзін можна не пабачыць ані прагулачнай яхты, ані турыстычнага кацера.

На ўзбярэжжы пануюць пераважна дзве фарбы: аквамарын мора і золата нябёсаў. І гэтыя фарбы засланяюць усе іншыя ўражанні ад Іанічных выспаў.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя