Іарданія. Петра – Сінгапур антычнага свету
Вандроўка ў старажытную Петру нагадвае тэатральны спектакль з добра закручанай інтрыгай. Каля кіламетра ты цягнешся вузкім каньёнам Сік. Над галавой леваруч і праваруч пагрозліва навісаюць дзікія пяшчаныя масівы, у шчылінах між скаламі раз-пораз праяўляюцца выпаленыя сонцам іарданскія нябёсы. Дарога ідзе ўгару, скалы падступаюць ўсё бліжэй, сціскаючы прастору. І дарога гэтая здаецца, ніколі не скончыцца. Па хуткім часе ты пачынаеш сумнявацца: а ці сапраўды гэтая сцежка вывядзе да мэты?
І вось, калі ты амаль страчваеш надзею, перад вачыма чароўнай фата-марганай праяўляецца абрыз Эль-Казнэ, пазнавальны па турыстычных буклетах і фільму “Індыяна Джонс і апошні крыжовы паход”. Велічная саракаметровая спаруда з класічным грэка-рымскім франтонам высечаная проста ў скале. А перад спарудай, як і мае быць у арабскіх казках – бедуіны з верблюдамі, шэйхі ў трыдыцыйных строях, пагоншчыкі з ішакамі і цацачнага выгляду вазкі, запражаныя дагледжанымі шэрымі конямі.
Колькі хвілінаў ты недаверліва хаўкаеш. Потым падыходзіш бліжэй, праводзіш рукой па шурпатых камянях і, нарэшце разумееш, што гэта не міраж. Усё сапраўднае: і прыступкі, і калоны, і дарыйскія капітэлі, і гіганцкія статуі багоў паабапал.
Тваё здзіўленне рана ці позна перакінецца пытаннем: а нашто было будаваць такі велічны горад пасярод тужлівай пустэльні Араб, дзе няма ані плодных земляў, ані тлустых пашаў, ані карысных радовішчаў, ані нават вады?
Калі глянуць на карту Бліжняга Ўсходу, то адказ будзе вельмі простым: Петра знаходзіцца акурат на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Ягіпта ў Малую Азію і з Сярэдняга Усходу ў Еўропу. Збудавалі горад хітрыя і прагныя да золата набацейцы – легендарны народ, вядомы па Старажытным Запавеце як ідумеяне. Вострыя прыправы, ладан, рабы, золата, каштоўныя камяні, ліванскія кедры і кітайскі ядваб – усё гэта бясконцымі караванамі праходзіла праз каньён Сік, узбагачаючы тубыльцаў. Спярша набацейцы проста бралі грошы за права праходу, але ж, па хуткім часе, сталі даваць караваншчыкам крэдыты. Так горад, збудаваны пасярод пустэльні, стаў адным з найбуйнейшых фінансава-гандлёвых цэнтраў старажытнага свету, гэткім антычным Сінгапурам…
Лёс Петры, сталіцы Набацейскага царства, залішні раз нагадвае пра простую ісціну: для існавання дзяржавы не абавязкова мець нафту, газ, золата ці іншыя прыродныя выкапні. Дастаткова толькі не замінаць людзям займацца бізнэсам – і ўсе каштоўнасці, якія дзяржава не мае, можна будзе купіць.
Тое, што Петра была адкрытая для еўрапейцаў толькі 1812 годзе, лічыцца цудам. Тое, што падчас шматлікіх войнаў на Блізкім Усходзе – цуд удвая.
[Not a valid template]
Але асабіста мяне больш уразіў крыху іншы цуд. На тамтэйшым базарчыку мяне пераняў стары бедуін. Ён доўга разглядаў маю сакулку з “Пагоняй” і нарэшце спытаўся: “Your country is Belarus?” “Yes!” – адказаў я крыху разгублена. “This is your color!” – узрадваўся бедуін і прапанаваў мне купіць бел-чырвона-белую “арафатку”.
Сябры, хуценька прызнавайцеся, хто з вас нядаўна быў у Петры?!
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
На здымках:
- Маўзалей эпохі Набацейскага царства непадалёк Петры;
- П’едэстал часоў Набацейскага царства;
- Цыклапічныя спаруды па дарозе да Эль-Казнэ;
4-6.Каньён Сік, які вядзе да Эль-Казнэ;
- Адна са шматлікіх разбураных статуй у каньёне Сік;
- Эль-Казнэ праяўляецца абсалютна нечакана;
9-10. Фотаздымкі не перадаюць усёй велічы гэтай спаруды;
- Хіба ў Іарданіі можа быць турыстычны аб’ект без базара?
- Бедуіны – гаспадары мясцовых руінаў;
- Пустэльна Араба;
- За гэтым узгоркам – ужо Саўдаўская Аравія;