Індыя. Бандэрлогі горада Хампі
У мультфільме “Маўглі”, які мы ўсе глядзелі ў дзяцінстве, ёсць такі эпізод: малпы-бандэрлогі спакушаюць цнатлівага сына чалавечага сваім сумнеўным хараством, а потым зносяць дзіцёнка ў закінуты горад. “Мы вялікія! Мы вартыя захаплення, як самы прыгожы народ джунглях! Мы ўсе так кажам – і, значыцца, гэта праўда!” – вішчаць бандэрлогі.
Колькі глядзеў той эпізод мультфільма ў дзяцінстве – столькі я і марыў патрапіць у якісьці закінуты горад у джунглях.
Мара пра закінуты горад у джунглях здейснілася тры гады таму, калі я ўпершыню патрапіў у Індыю. У горад Хампі, што ў штаце Карнатака, я выправіўся саматужкі. Ужо на месцы прыбіўся да невялічкай расейскай экскурсіі, пра што вельмі хутка пашкадаваў…
Сонца ў зеніце. Распаленыя камяні, пякельная спёка. Наш гід, прыстойны і разумны хлопец, родам з Кіева, вядзе экскурсію па развалінах Хампі. З імпэтам распавядае пра пітомнік баявых сланоў, паказвае басейн у гарэме, каментуе каменныя надпісы на старажытных храмах.
І ўсё было б добра, каб не адзін падпіты расеец, які штораз устаўляе рэплікі ў прамову экскурсавода. З рэплік тых вынікае, што без цвярскога купчыны Афанасія Нікіціна ніхто б пра тую Індыю не дазнаўся. Што глядзець у гэтым Хампі абсалютна няма на што. Што адзіная культурная краіна ў свеце – Расея, а індыёцы, прабачце за выраз – “чучмекі чарнадупыя”. Карацей – гэткая “арыя ўсходняга госця”, амаль што з оперы “Садко” Рымскага-Корсакава, толькі ў карыкатурным хабёльскім фармаце.
Экскурсавод-кіяўлянін, да яго гонару, не рэагуе на правакатыўныя рэплікі расейца. Паказвае фантастычны вазок метраў у дзесяць вышынёй, выразаны амаль цалкам з вялізнага камяня.
– Ды што там нейкі вазок?! — абураецца расейскі турыст. – Вось у нас у Самары помнік Чапаеву…
Экскурсавод не здаецца – вядзе да старажытнага індуісцкага храма феерычнай прыгажосці.
Расеец каментуе ў тым сэнсе, што ў яго ў Самары цэрквы ўсё адно лепшыя.
– А вось так званыя музычныя калоны, — спакойна працягвае наш гід. – Пры пэўным дотыку гэтыя гранітныя слупы азываюцца чыстымі гукамі, прытым кожная калона – сваім. Бачыце, адна гранітная калона пабітая? – экскурсавод-кіяўлянін пасміхаецца расейскаму каментатару. — А ведаеце, чаму?
Аказваецца, колькі гадоў таму яшчэ адзін экскурсант з Усходу вырашыў праверыць, ці сапраўды тыя гранітныя калоны – музычныя. Толькі правяраў не дотыкам рук, а ўдарам камянюкі. Калоны, як і ўвесь храм Вітала, дзе ўзвышаецца тая каланада – у спісе Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Суд асудзіў вандала гадоў на дзесяць, і не факт, што ён увогуле выйдзе з індыйскай турмы жывым, бо ўмовы ўтрымання там яшчэ горшыя, чым у расейскіх вязніцах.
Пра што гід з задавальненнем і расказвае расейскаму госцю.
Расеец, нарэшце, разумее, што з яго здзекуюцца. Круціць галавою, шукае маральнай падтрымкі. Астатнія экскурсанты на яго, зрэшты, не зважаюць: спёка, смага, збітыя на каменных сцежках ногі… Нарэшце, чапляецца вокам за маю сакулку з надпісам “Беларусь” і квітнее:
– А ўсё адно нашы расейскія бярозкі прыгажэйшыя за тыя калоны… Праўда, бульбаш?!..
* * *
Не ведаю, ці варта пісаць пра алюзіі ў рубрыку “Вандроўкі”, але яны, як па мне, навідавоку. Бандэрлогі не здольныя нічога ствараць. Яны могуць толькі гадзіць, ламаць і вішчаць на ўсе джунглі, як навакольны свет захапляецца іх хараством.
Пакуль наіўныя і добрыя беларускія Маўглі даюць веры гэтым віскатам, усходнія бандэрлогі будуць гаспадарыць і на нашай зямлі.
* * *
А што да Хампі, былой сталіцы Віджаянагарскай імперыі, – то ён сапраўды варты таго, каб паехаць туды хаця б на два-тры дні. Фантастычныя краявіды, велічныя храмы, неверагоднай прыгажосці рака Тундабхадра…
Толькі аглядаць усё гэта лепш без сумнеўных каментатараў.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, Хампі
Фота аўтара