Іракліён – адміністрацыйная і музейная сталіца Крыту



Іракліён, ці як яго яшчэ называюць Геракліён, найбуйнейшы горад на грэцкай выспе Крыт. Пражывае ў ім каля 275 тысяч чалавек, амаль палова насельніцтва ўсяго вострава. Названы ён у гонар старажытнага героя Геракла, які здзейсніў свае дванаццаць знакамітых подзвігаў, за сваю няпростую гісторыю меў каля дзесяці розных назваў.

Яшчэ Страбон пісаў пра Іракліён у сваёй “Геаграфіі” як пра порт на беразе Крыцкага мора непадалёк Кноса – цэнтру Мінойскай цывілізацыі. Цягам доўгіх стагоддзяў горад быў прадметам спрэчак паміж рознымі народамі. У дзявятым-дзясятым стагоддзях больш 140 гадоў тут уладарылі арабы. У 961-ым годзе горад быў адваяваны Візантыяй. Прыплывалі сюды і крыжакі, пасля разгрому Візантыйскай імперыі сваё кіраванне тут усталявала Венецыянская рэспубліка. У той час горад называўся Кандзія. У 1541-ым годзе непадалёк нарадзіўся знакаміты мастак Эль-Грэка.

Сваю сучасную назву Гераклея, а крыху пазней Іракліён, горад атрымаў толькі ў пачатку 19-га стагоддзя. Жыхары Іракліёна вызначыліся ў траўні 1941-га сваім удзелам у бітве за Крыт і наступным удзеле ў грэцкім Супраціве ў час другой сусветнай вайны. А з 1971-га стаў адміністрацыйным цэнтрам усяго вострава.

Галоўнай культурнай візітоўкай Іракліёну ёсць Археалагічны музей, адзін з буйнейшых музеяў Грэцыі і найбольшы збор у свеце, прысвечаны Мінойскай цывілізацыі. Унікальныя артэфакты не пакінуць абыякавымі наведнікаў. У музеі ажно 20 розных тэматычных заляў, на агляд якіх варта патраціць не менш паўтары гадзіны.

Непадалёк музея адзін з цэнтральных пляцаў, дзе можна пабачыць помнік невядомаму жаўнеру і адметны невялікі будынак, дзе размяшчаецца галоўная адміністрацыя Крыту. Шпацыруючы вулічкамі тыпова паўднёвага гораду, можна набыць характэрныя для выспы і для ўсёй Грэцыі сувеніры, пабачыць штодзённае жыццё іракліёнцаў.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара і Якуба Сушчынскага