Ізраіль забараніў сваім грамадзянам наведваць Беларусь



Міністэрства аховы здароўя Ізраілю 9 ліпеня паведаміла аб пашырэнні «чырвонага» спісу краін, якія ізраільцянам забаронена наведваць праз пагрозу заражэння каронавірусам: у спіс з 12 ліпеня ўключаны Беларусь і Узбекістан.

Машына правярае тэмпературу цела людзей у Міжнародным аэрапорце Бэн-Гурыён у Ізраілі.

Пра гэта паведамляе сайт newsru.co.il, адзначаючы, што гаворка ідзе пра краіны, якія не апавяшчалі Сусветную арганізацыю аховы здароўя аб значным росце колькасці тых, хто заразіўся каронавірусам або памерлых ад COVID-19. «Па ўсёй бачнасці, менавіта адсутнасць дакладнай інфармацыі паслужыла падставай для ўключэння гэтых краін у „чырвоны“ спіс», — дадае згаданы сайт.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі з пачатку пандэміі каронавірусам заразіліся каля 425 тысяч чалавек, зь якіх памерлі 3412 (смяротнасць 0,8%). Сярэдняя смяротнасць сярод заражаных у свеце — 2,2%.

Такім чынам з 12 ліпеня ў ізраільскі спіс краін з максімальнай рызыкай заражэння каронавірусам уключаны: Расея, Беларусь, Узбекістан, Аргенціна, Бразілія, Мексіка, Індыя і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

svaboda.org