Каб не везлі зброю і наркотыкі — чыноўнік пра КПП на мяжы Беларусі з РФ
Беларусь усталявала кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Расеяй, каб спыніць паток наркотыкаў і зброі, кажа сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Алег Дзьячэнка. Чыноўнік заяўляе, што вайна Расеі з Украінай „пераносіцца на расейскія рэгіёны”.

— У гэтых умовах павінны ўзмацняць бяспеку нашай дзяржавы. Гэта і зрабілі, умацаваўшы паўднёвыя межы, каб адтуль не было перапампоўкі зброі і боепрыпасаў на тэрыторыю нашай краіны. Таксама ўзмацнілі памежны кантроль з Расеяй, таму што і праз Расію да нас могуць трапляць не толькі псіхатропы, але і зброя. Неабходна ўзмацняць бяспеку ўсяго грамадства. Гэта тычыцца ў тым ліку інфармацыйнай працы, каб грамадзяне ведалі, адкуль зыходзяць пагрозы, — адзначае Дзьячэнка.
На думку прадстаўнікоў дэмсілаў, беларускія ўлады баяцца дыверсантаў, асабліва пасля серыі выбухаў на аб’ектах інфраструктуры Расеі. Пра шэсць кантрольна-прапускных пунктах на беларуска-расейскай мяжы стала вядома 5 траўня. Затым з беларускага боку апынуліся перакапаныя або заваленыя невялікія дарогі, якія вядуць у Расею.
