Кафедральны сабор Святой Тройцы ў Тбілісі
Тбіліскі кафедральны сабор Святой Тройцы, скарочана Самеба, – галоўны Праваслаўны хрысціянскі сабор у Грузіі. Ён узвышаецца на гары Элія ў гістарычным армянскім раёне Аўлабары. Гэты прыгожы храм, які зачароўвае з першага погляду, – самы вялікі сабор у Грузіі і быў пабудаваны ў 1995-2004 гадах па праекце архітэктара Арчыла Міндыяшвілі.

Як пішуць гісторыкі, ідэя будаўніцтва новага сабора з’явілася ў Грузіі ў 1989 годзе з нагоды 1500-годдзя Аўтакефаліі Грузінскай Праваслаўнай Царквы і 2000-годдзя Хрыста-Збавіцеля. У траўні 1989 года быў аб’яўлены конкурс на праект „кафедральны сабор Святой Тройцы”. У ім удзельнічала каля ста праектаў, але на першым этапе пераможца не быў вызначаны. У выніку быў абраны праект архітэктара Арчыла Міндыяшвілі. Пасля з-за грамадска-палітычнага крызісу і грамадзянскай вайны ажыццяўленне праекту затрымалася на шэсць гадоў і падмурак для храма быў закладзены толькі 23 лістапада 1995 года. Будаўніцтва храма ў асноўным фінансавалася за кошт прыватных ахвяраванняў.

Першае богаслужэнне ў саборы было праведзена 7 студзеня 2000 года, калі храм яшчэ будаваўся, а 23 лістапада 2004 года Патрыярх Усяе Грузіі Ілія II дабраславіў гэты храм.
Храм Самеба пабудаваны з грандыёзным размахам, яго залаты купал, знешні радыўс якога складае 9.5 метраў, відаць практычна з любой кропкі Тбілісі. Сабор з’яўляецца часткай цэлага комплексу, у які ўваходзяць таксама рэзідэнцыя Патрыярха і мужчынскі манастыр, духоўныя семінарыя і акадэмія, гатэль, а таксама комплекс з дзевяці капліц, пяць з якіх размешчаны пад зямлёй.

Храм Цмінда Самеба займае трэцяе месца ў свеце сярод праваслаўных храмаў па вышыні. Агульная вышыня сабора з падземным паверхам больш за 100 метраў.
Трапіць у сабор можна з трох бакоў: захаду, поўдні і поўначы. Галоўны ўваход месціцца з захаду і акружаны шырокай галерэяй. А з поўдня да храма вядзе брукаваная дарога з востра-даўгаватага камення.

Што цікава, злева, як заходзіш у галоўную браму, на тэрыторыі сабора месціцца вядомая і папулярная кавярня “Воды Лагідзэ”. Там можна пакаштаваць самы смачны ў краіне натуральны ліманад разнастайных смакаў. І гэта не толькі вядомыя ў Грузіі – тархунавы, сапераві і фейхоа, але і такія неспадзяваныя смакі для ліманада, як шакаладны і крэмава-ванільны. А таксама там прадаюць самыя смачныя хачапуры па-аджарску, імерэцінскія ды іншую грузінскую выпечку.

Але ёсць у гэтай прыгожай гісторыі і кропля негатыву. Тэрыторыя храма была часткова ўзведзена на тэрыторыі старых армянскіх могілак XVII стагоддзя. Падчас будаўніцтва многія пахаванні і надмагіллі былі проста выкінутыя. Пры капанні катлавана пад падмурак былі знойдзеныя чалавечыя астанкі. Яны не былі перапахаваныя. Будаўнікі паставіліся да іх без належнай павагі, і гэта, канешне, выклікала хвалю абурэння як сярод армянскай дыяспары Грузіі, так і сярод жыхароў Арменіі.


















Беларускае Радыё Рацыя
