Кафр Хатаці: няшчымніца на тле пірамід



Гіза – гэта не раён Каіра, як напісана ў шматлікіх даведніках, а асобны чатырохміліённы горад. Прынамсі, так сцвярджаюць самі жыхары Гізы. Вядомая Гіза найперш пірамідам, якія знаходзяцца на ўскрайку горада.

Раён Гізы, дзе месцяцца велічныя грабніцы фараонаў, называецца Кафр Хатаці. Піраміды ў гэтым раёне  – першае, што заўважае дзіцёнак, калі ён упершыню выходзіць на вуліцу, і, напэўна, апошняе, што бачыць стары перад сконам. Піраміды – кармільцы, паільцы і адзіная крыніца прыбыткаў. Кіроўцы таксі, якія возяць да іх турыстаў, афіцыянты ў вулічных кафэ, якія турыстаў абслугоўваюць, паліцэйскія, якія турыстаў ахоўваюць і нават адмысловыя хлопчыкі, якія падаюць у прыбіральнях тым турыстам рушнікі – усе яны існуюць, дзякуючы старажытнаегіпецкай спадчыне. 

Але ж, маючы гэтую крыніцу багацця, працуюць у Кафр Хатаці далёка не ўсе. Зраніцы мужчыны ідуць у кавярню, папаліць “шышу”, то бок кальян, прытым паляць яго па дзве-тры гадзіны. Са з’яўленнем першага турыстычнага аўтобуса палова аматараў “шыша” выпраўляецца ўцюхваць турыстам магніцікі, талеркі з кубкамі, “арафаткі”, гашыш і прымітыўныя падробкі “пад егіпецкую старызну” (“Купі, купі, гэта сапраўднае, сам учора магілу фараона абрабаваў!..”). Астатнія сядзяць у кавярні да вечара, смокчуць сваю “шышу”, п’юць каву, шчасліва пасміхаюцца турыстам і глядзяць тэлевізар. Добра, калі ў гэты дзень паказваюць бокс ці футбол… А як не паказваюць – то дзень, лічы, пражыты дарма.

Калі хто ў Кафр Хатаці і працуе, то гэта тамтэйшыя жанчыны. На кожным балконе – гронкі памытай бялізны. Ці не большасць пакупнікоў на рынках – таксама жанчыны. Дый у турыстычным бізнэсе егіпецкіх жанчын таксама ўсё большае, прытым працуюць яны куды лепш за працалюбных тамтэйшых мужчынаў.

Зрэшты, пабачыць чужое жыццё на ўласныя вочы заўсёды лепш, чым пераказваць пабачанае. Таму паглядзіце на жыццё Кафр Хатаці самі…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара