Калі ў Тунісе не было ісламістаў



Зрэшты, ісламскіх тэрарыстаў у Тунісе асабліва ніколі і не было. Прынамсі, у крытычных колькасцях. Нават за часамі прэзідэнта Бэн Алі, якога шмат хто вінаваціў у спагадзе да ісламскіх радыкалаў, Туніс быў ці не самай свецкай дзяржавай у мусульманскім свеце.

01_tunisТуніс. Міжземнае мора. Золак

02_tunisГорад Туніс – сталіца краіны з такім жа назовам

Тут можна было з’едліва кпіць з іранскіх аятол і нават публікаваць на іх карыкатуры. Тут ніхто не забараняў піць віно ў вулічных кавярнях. За знявагу хрысціяніна па рэлігійнай прыкмеце ісламіст гарантавана трапляў за краты. І ўсе радыкалы стаялі на спецыяльным уліку ў паліцыі, дзе імі займаўся адмысловы рэлігійны аддзел.

03_tunisВуліца Туніса

Вырашыў пяць разоў на дзень маліцца ў офісе, бо так задэкларавана ў Каране? Табе прачытаюць адмысловую суру з таго ж Карана, дзе напісана, што мужчына забавязаны найперш дбаць пра сям’ю і зарабляць на яе грошы. Выправіў дачку ў школу ў хіджабе? Ты рэлігійны экстрэміст і мусіш заплаціць штраф. У тваім кампутары знайшлі відэазварот Бэн Ладэна? Лепш бы ты не нараджаўся на свет, у рэлігійным аддзеле мясцовай паліцыі табе гэта вельмі даходліва растлумачаць па зубах і па пячонцы…

Пра ўсё гэта мне расказаў разумны і гасцінны маладзён Мухамед, выпускнік Мікалаеўскага караблебудаўнічага інстытуту, з якім я выпадкова пазнаёміўся ў кавярні. Ніводны паспяховы і запатрабаваны тунісец, са словаў Мухамеда, не пойдзе да ўсіх гэтых “Аль-Каід”, “Ігілаў” ды ім падобным. Запатрабаваным і паспяховым увогуле нецікава, хто ты – шыіт, суніт, хрысціянін якой заўгодна канфесіі ці нават атэіст.

У ісламісты ідзе пераважна  басота-галота з Кхай Сніта, дэпрэсіўнага раёна туніскай сталіцы, гэткага аналага варшаўскай Прагі, кіеўскай Траешчыны ці менскіх Шабаноў. Верыць у сорак гурый, якія будуць падараныя кожнаму маджахеду на тым свеце, значна прасцей, чым здабываць адукацыю. Курочыць машыны “іншаверцаў” куды прыемней, чым выходзіць у штармавое Міжземнае мора на рыбны промысел. Жыць на “сацыялку” ў Еўразвязе камфортней, чым даглядаць уласныя вінаграднікі.

13_tunis

14_tunisКхай Сніт – дэпрэсіўны раён Туніса, адкуль і рэкрутуюцца адэпты ў ІГІЛ і ім падобныя арганізацыі.

У Кхай Сніце, адкуль і рэкрутуюцца прыхільнікі, мне нават давялося пабываць: горы смярдзючага смецця, разкурочаныя машыны і брудныя абарванцы, якія агрэсіўна касавурацца на кожнага іншаземца.

– Але ж ты мусульманін? – удакладніў я ў Мухамеда.

– Вядома ж, так! – годна пацьвердзіў той. — Але ж я нікому сваё мусульманства не навязваю.

– А што ж вы, запатрабаваныя і паспяховыя, не растлумачыце гэтым недавумкам, хто ў вашай краіне гаспадар?

У адказ Мухамед расказаў мне гісторыю, якая неверагодна ўразіла.

04_tunisШкола ў Тунісе: ніякіх хіджабаў, ніякіх ісламістаў…

Калі падчас “язмінавай рэвалюцыі” банда ісламістаў запатрабавалі ў маладой студэнткі ўніверсітэта надзець хіджаб, тая ўскараскалася на дах машыны, дэманстратыўна пашматавала той хіджаб і выгукнула: “Мы, тунісцы – народ з гісторыяй у тры тысячы гадоў, а вы – смецце! А цяпер – страляйце ў мяне, калі нязгодныя!..”

І хаця бандыты былі ўзброеныя да зубоў, ніхто з іх у тую дзяўчыну не стрэліў…

Мне чамусці падаецца, што разумныя і паспяховыя рана ці позна паставяць тое смецце на месца.

Хаця б у Тунісе, як асобна ўзятай краіне.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя