Кальвінскі збор. Заслаўе
Храм быў узведзены ў 2-й палове XVI стагоддзя як кальвінскі збор. Заснавальнікам быў тагачасны ўладальнік Заслаўя Ян Глябовіч. Кальвінскі збор размяшчаўся на тэрыторыі ўмацаванага бастыённага замка. Храму таксама надавалася абарончае значэнне і, верагодна, па ўсім яго перыметры ў верхняй частцы сцен былі байніцы.
Вядома, што Ян Глябовіч запрасіў у Заслаўе выдатнага дзеяча беларускай рэфармацыі, філосафа, асветніка і гуманіста Сымона Буднага. У 1572 г. Будны пераехаў сюды, нейкі час ён жыў у Заслаўі, прапаведаваў у рэфарматарскай абшчыне.
Пры віленскім кашталяне Мікалаю, сыне Я. Глябовіча, кальвінскі збор прыстасавалі ў 1628 годзе пад касцёл Міхаіла Арханёла. Новыя ўладальнікі Заслаўя Крысціна і Казімір Сапегі, заснаваўшы тут у 1676 г. дамініканскі кляштар, перадалі ордэну і храм.
У 1833 годзе дамініканскі касцёл скасаваны, а будынак перададзены уніяцкай царкве. У памяць драўлянай уніяцкай Спаса-Праабражэнскай царкве, якая існавала раней у Заслаўі, храм быў асвячоны пад такім жа імем. У 1839 годзе на Полацкім саборы была скасавана Берасцейская царкоўная унія, царква перайшла да Рускай праваслаўнай царкве і ўвайшла ў склад Менскай епархіі.
У 1864—1865 гг. Праабражэнская царква была капітальна адрамантавана. Дзейнічала да сярэдзіны 1930-х гг. Да вайны ў храме знаходзіўся мучны склад. Падчас Другой сусветнай вайны царква была часткова пашкоджана. У 1968—1972 гг. адрэстаўрыравана і прыстасавана пад музей рамёстваў і народных промыслаў. Уваходзіць у гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе».
У 1980-я гг. як Спаса-Праабражэнская царква перададзена Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.
З 23 кастрычніка 2014 г. сабор Менскай і Заслаўскай епархіі.
[Not a valid template]
Фота Васіля Кроквы