Каля 450 беларусаў не могуць вылецець з Кіпра, іх ужо пачынаюць высяляць з гатэляў



Кіпр далучыўся да іншых краінаў Еўразвяза і закрыў для самалётаў «Белавія» сваю паветраную прастору. З-за гэтага ў Менск не могуць вярнуцца беларускія турысты, што адпачывалі на востраве.

Як піша «Наша Ніва», адзін з турыстаў распавёў, што эвакуацыйны рэйс з Ларнакі ў Маскву быў прызначаны на 2 чэрвеня, але ў апошні момант быў адменены без тлумачэння прычын.

Па некаторых звестках, рэйс павінна была здзяйсняць расейская кампанія «Якуція». Турыстаў павінны былі даставіць у маскоўскі аэрапорт «Унукава», а ўжо адтуль у Беларусь.

2 чэрвеня амаль усіх беларускіх турыстаў, у якіх ужо скончыліся пуцёўкі, выселілі з гатэляў. Цяпер ім трэба самастойна шукаць жыллё або альтэрнатыўныя шляхі вяртання ў Беларусь.

«Тут каля 450 беларусаў, — сказаў адзін з турыстаў. — Шмат хто ў разгубленасці, таму што ім трэба на працу, ды і запасы грошай ужо заканчваюцца».

У прэс-службе «Белавія» «Нашай Ніве» сказалі, што на дадзены момант не валодаюць інфармацыяй аб сітуацыі.

novychas.by