Каля 60 грамадзян Беларусі вывезеныя спецрэйсам „Белавія” з Дэлі
Каля 60 беларусаў вывезеныя спецрэйсам „Белавія” з Дэлі ў Менск, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Рэйс быў арганізаваны сумесна з пасольствам Расеі ў Беларусі пры садзеянні „Банка ВТБ (Беларусь)”.
„Гэтым рэйсам з Дэлі паляцелі каля 60 грамадзян Беларусі, больш за 40 грамадзян Расеі, некалькі грамадзян Украіны і Таджыкістана, — распавёў Глаз. — У Індыі, не лічачы Гоа, яшчэ застаецца група беларускіх грамадзян, якім можа спатрэбіцца вылет на радзіму”.
У штаце Гоа, паводле розных звестак, зараз знаходзяцца каля 160 беларусаў, якім можа спатрэбіцца эвакуацыя.
„Прапрацоўваюцца канкрэтныя рашэнні найбольш вострых праблем, звязаных са знаходжаннем грамадзян Беларусі ў Гоа, Шры-Ланцэ, В’етнаме і Тайландзе”, — сказаў Глаз.
Паводле звестак МЗС, у сувязі з абмежавальнымі мерамі з прычыны распаўсюджвання віруснай інфекцыі COVID-19 дапамога ў розных фарматах у вяртанні ў Беларусь аказаная ўжо прыкладна 6 тыс. грамадзян краіны.