Каля Варшавы пабудуюць новы аэрапорт



Да 2027 года на адлегласці 40 кіламетраў ад Варшавы пабудуюць новы трансферны хаб. На будаўніцтва аэрапорта плануюць выдаткаваць да 8,4 мільярда еўра. Мяркуецца, што ён зможа прымаць да 45 мільёнаў пасажыраў у год. Пасля адкрыцця новага хаба аэрапорт імя Шапэна можа быць зачынены для грамадзянскай авіяцыі.

На сёння Варшаўскі аэрапорт імя Шапэна – сама загружаная авіягавань Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы: у мінулым годзе ён абслужыў 15,7 мільёнаў падарожнікаў. Трафік працягвае расці, таму гэтай вясной урад Польшчы рыхтуецца прыняць праект пра пабудову новага аэрапорта.

Цэнтральны камунікацыйны порт будзе пабудаваны ў 40 кіламетрах заходней Варшавы ў гміне Баранаў, і зойме плошчу 3 тысячы гектараў. На яго будаўніцтва, уключаючы транспартную інфраструктуру, улады Польшчы намераны патраціць да  8,4 мільярда еўра. Побач таксама з’явіцца невялікі горад. Крыніца фінансавання праекту пакуль невядомая. Упаўнаважаны прадстаўнік новага аэрапорта Мікалай Вільд мяркуе, што выдаткі, не звязаныя з аэрапортам, возьме на сябе Еўразвяз.

Новы аэрапорт у Польшчы стане адным з буйнейшых у Еўропе. „Наша краіна размешчана на перасячэнні маршрутаў паміж буйнымі мегаполісамі, такімі як Лос-Анджэлес – Тэль-Авіў, Вена – Токіо, Шанхай – Парыж, Нью-Ёрк – Тэгеран”, – напісана ва ўрадавай рэзалюцыі, якая была прынятая ў лістападзе 2017 года.

Не ўсе, аднак, ва ўрадзе, згодныя з праектам: на новы аэрапорт давядзецца выдаткаваць шмат сродкаў з цэнтральнага бюджэта, пры гэтым ёсць перасцярогі, што праект можа стацца невыгодным. Акрамя таго, Цэнтральны порт рызыкуе зменшыць пасажыраплынь рэгіянальных аэрапортаў. Але нягледзячы на спрэчкі сярод улады, праект пра будаўніцтва будзе зацверджаны ўжо гэтай вясной.

Беларускае Радыё Рацыя