Камбоджа, Ангкор-Ват. Як джунглі жаруць цывілізацыю



Спачатку людзі выпальваюць джунглі і будуюць велічныя храмы – такія, як Ангкор-Ват у Камбоджы. І ўзвышаюцца тыя прыўкрасныя храмы вышэй за самыя дужыя дрэвы, і відно іх здалёк, і нават думкі не з’яўляецца, што плён шматгадовай працы сотняў тысяч людзей можа кудысьці знікнуць.

І селіцца ў галовах бестурботнага народа пыха, і забываюцца яны на ворагаў, таму што ўпэўненыя ў непарушнасці ўсяго, на што дзеды-прадзеды паклалі жыцця.

А потым здараецца варожае нашэсце, і народу ўжо не да спадчыны дзядоў-прадзедаў. Людзі ратуюцца ўцёкамі, ворагі разбураюць святыні, і джунглі падступна пераходзяць у наступ. Спярша захопліваюць адзін храм, потым другі, потым трэці… І так па чарзе. І ўжо праз якую сотню гадоў на месцы старажытнага мегаполіса буяе непраходны гушчар, населены хіжакамі, змяюкамі і чамярою.

Гіганцкія карані, не раўнуючы, што тыя змеі, абхопліваюць сцены і сціскаюць камяні. З цягам часу карані трухнеюць, і непрыступныя сцены рассыпаюцца ўшчэнт. І тады джунглі канчаткова паглынаюць рэшткі некалі велічнага горада.

А наступныя заваёўнікі расказваюць добрым і наіўным тубыльцам: ды не было ў вас ніякай культуры, не было сваёй веры, сваіх святыняў. Не было нічога, чым вы можаце ганарыцца. Пад ярмо, дзікуны!..

* * *

Падчас шпацыру па Ангкор-Вату мяне чамусь не пакідала думка пра падабенства камбаджыйскіх джунгляў да “русского мира».

Спярша дрэвы-паразіты мэтанакіравана, крок за крокам ідуць у наступ, і дужыя карані бязлітаснымі ўдавамі душаць чужыя святыні, пакуль тыя не рассыпаюцца ў друз. І тады з пагнілых дуплаў выпаўзаюць змяюкі. Яны па-гаспадарску грэюцца на старадаўніх камянях з ужо незразумелымі для тутэйшага людства пісьмёнамі і сіпяць пра свой унёсак у нашу культуру.

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара