Кампанію “Белавія” адключылі ад міжнародных сістэм разлікаў
Кампанію “Белавія” адключылі ад міжнародных сістэм узаемаразлікаў для пасажырскіх і грузавых перавозак у межах уведзеных супраць афіцыйнага Менска санкцый. Гэтыя сістэмы ўніфікуюць фінансавыя і інфармацыйныя плыні, тым самым спрашчаючы працэдуру афармлення і продажу авіябілетаў як самімі кампаніямі, так і агентамі.
“Пацвярджаем, што авіякампанія “Белавія” адхіленая ад удзелу ў праграме IATA па білінгу і разліках (BSP) і сістэмы разлікаў па грузавых рахунках (CASS)”, — паведамілі сайту Zerkalo.io ў Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA).
Праграма разлікаў BSP ахоплівае больш за 370 авіякампаній у 180 краінах свету, праз яе праходзіць каля 70% ненаўпроставага продажу білетаў. Агульная сума рэалізаваных білетаў перавышае 230 мільярдаў даляраў штогод. Сістэма разлікаў па грузавых рахунках CASS прызначаная для разлікаў паміж авіякампаніямі і экспедытарамі.
Фота: belavia.by