Капліца Наркевічаў-Ёдкаў у Лапушне



Вёска Лапушна Дзятлаўскага раёна – звычайная неперспектыўная вёска, як і сотні такіх у Беларусі. Але яна вядома тым, што ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў уладальнікамі маёнтка Лапушна былі Раман-Крыштаф і яго жонка Марыя з роду Судзь Наркевічы-Ёдкі. У 1898 годзе ва ўзросце 15 гадоў пасля цяжкай хваробы памерла іх адзіная дачка Тэрэза. У пачатку ХХ стагоддзя бацькі вырашылі пабудаваць на тэрыторыі сядзібы рымска-каталіцкую капліцу, як помнік аб сваёй заўчасна памерлай дачцэ. Капліца была асвечана ў 1908 годзе пад тытулам Святой Тэрэзы. Акрамя Тэрэзы тут былі пахаваны яе бацькі — Раман і Марыя Наркевічы-Ёдкі.

Пасля смерці ў 1920 годзе Рамана Наркевіча-Ёдкі апошнім уладальнікам маёнтка Лапушна стаў яго пляменнік Здзіслаў Козел-Паклеўскі (малодшы сын яго сястры Ванды Наркевіч-Ёдкі).

Каплічка 1908 года ў Лапушне захавалася да сённяшніх дзён. Гэта прамавугольнае ў плане кампактнае збудаванне накрыта двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам. Сцены рытмічна раскрапаваны пілястрамі, карнізам і фрызам з трыгліфамі, прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны сандрыкамі. У інтэр’еры над уваходам – хоры з вінтавой металічнай лесвіцай. Столь плоская на бэльках, скрыжаванні якіх утвараюць нішы, аздобленыя накладнымі дэкаратыўнымі разеткамі. Падлога мазаічная з керамічнай пліткі. Ніжняя частка сцен абліцавана драўлянымі панелямі. Агульная плошча капліца каля 54 квадратных метраў.

Помнік архітэктуры класіцызму пабудаваны на могілках у Лапушне, што на ўсходняй ускраіне, на стромкім высокім узгорку. Дата ўзвядзення помніка 1908 выбіта на самім фасадзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара