Капліца ў Панямоні – помнік, які мала хто бачыў



Ёсць у Гародні адзін помнік архітэктуры, які мала хто бачыў нават з жыхароў гораду над Нёманам. Рэч у тым, што знаходзіцца ён на ўскрайку гораду і да ўсяго на абгароджанай тэрыторыі адной з гаспадарчых дзяржаўных установаў. Цяпер там знаходзіцца ААТ „Гроднапрамтэхніка”. Натуральна, што турыстаў сюды не прывозяць, а гарадскія жыхары адмыслова таксама не ездзяць у аддаленае месца.

Гутарка ідзе пра капліцу былога палацавага комплексу ў Панямоні – колішняй каралеўскай рэзідэнцыі. Забудоўваўся комплекс у другой палове 18 стагоддзя, датаваны ён 1771 годам. Да старажытнага будынку капліцы ў савецкі час прыбудавалі два гаражы, а з даху знялі каталіцкі крыж. У 1993 годзе помнік архітэктуры быў даследаваны навукоўцамі. Тады там выявілі барэльеф з гербам караля Рэчы Паспалітай. Барэльеф перадалі ў Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей. Капліца надалей выкарыстоўвалася як склад. Былі прапановы перадаць яе вернікам, але гэта засталося толькі на роўні размоваў. Таксама былі спробы прадаць будынак з аукцыёну. Была выстаўлена стартавая цана – амаль 800 тысяч даляраў. Аднак, ахвотных пагандлявацца і купіць будынак так і не знайшлося.

Сёння капліца ў здавальняючым стане, але відавочна патрабуе аднаўлення. 

 

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара